Ціханоўская абмеркавала ролю спартыўных ініцыятыў з клубам “Пагоня”
Рэдакцыя Reform.news · 17 чэрвеня 2026, 10:11
https://reform.news/be/cihano-skaja-abmerkavala-rolju-sparty-nyh-inicyjaty-z-klubam-pagonja/Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі футбольнага клуба “Пагоня”, які дзейнічае ў Варшаве. Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, на сустрэчы прысутнічалі сузаснавальнік клуба Ілля Шыла і футбаліст Віталь Гайдунчык.
Размова была прысвечана развіццю спорту ў эміграцыі, ролі спартыўных ініцыятыў у згуртаванні беларускага грамадства, а таксама выклікам, якія стаяць перад клубам. У прыватнасці, гаворка ішла пра доступ да трэніровачных пляцовак, інфраструктуры, пошук дадатковых крыніц фінансавання, падтрымку ў наладжванні кантактаў з партнёрамі.
«Беларусам за мяжой патрэбныя не толькі культурніцкія і адукацыйныя праекты, але і месцы, дзе людзі могуць збірацца, камунікаваць, будаваць супольнасць і адчуваць сябе часткай чагосьці большага. ФК «Пагоня» якраз выконвае такую ролю.
У клуба ёсць ідэя адкрыць дзіцячую футбольную школу. Важна, каб маленькія беларусы мелі магчымасць займацца спортам у сваім асяроддзі, знаходзіць сяброў, чуць беларускую мову і адчуваць сувязь са сваёй культурай. І я вельмі спадзяюся, што гэты праект атрымае развіццё і падтрымку», — адзначыла Ціханоўская.
