Фото: European Shooting Confederation
Чэмпіянат Еўропы па стральбе з пнеўматычнай зброі перанеслі з Таліна ў Гранаду (Іспанія) з-за таго, што Эстонія адмаўляецца дапусціць да спаборніцтваў грамадзян Беларусі і Расіі, піша ERR.
Згодна з дзейным эстонскім заканадаўствам, грамадзяне Беларусі і Расіі не могуць браць удзел у міжнародных спаборніцтвах, якія праводзяцца ў краіне. Еўрапейская канфедэрацыя стралковага спорту заявіла, што будучыя ў 2027 годзе спаборніцтвы з’яўляюцца кваліфікацыйнымі да Алімпіяды-2028 і Еўрапейскіх гульняў-2027, таму ўсе спартсмены, якія маюць права на ўдзел, павінны мець магчымасць спаборнічаць.
«Мы разумеем, што ў выпадку з алімпійскімі кваліфікацыйнымі спаборніцтвамі Еўрапейская канфедэрацыя стралковага спорту зыходзіць з прынцыпу, што ўсе спартсмены, якія маюць права на ўдзел, павінны мець магчымасць спаборнічаць. Аднак Эстонскі стралковы саюз прытрымліваецца прынцыпаў Эстонскай дзяржавы і не можа дапусціць уезд у Эстонію грамадзян Беларусі або Расіі», — растлумачыў кіраўнік Эстонскага стралковага саюза Вахур Карус.