Фото: @Dinorahfiguera
У чацвер стартавалі перамовы паміж часовым урадам Венесуэлы і апазіцыяй. Перамовы праводзяцца пры падтрымцы ЗША.
Урадавую дэлегацыю ўзначальвае Хорхе Радрыгес, брат часовага прэзідэнта Дэлсі Радрыгес. Ён таксама з’яўляецца кіраўніком Нацыянальнай асамблеі і шматгадовым удзельнікам перамоваў з ЗША і апазіцыяй.
Яго візаві Дынара Фігера ўзначальвае апазіцыйную групу ў Нацыянальнай асамблеі, абраную ў 2015 годзе, якая дагэтуль прызнаецца ЗША апошнім дэмакратычна абраным заканадаўчым органам краіны.
«Сёння мы запусцілі працэс, які вызначыць шлях да дэмакратыі і рэінстытуцыяналізацыі Венесуэлы», — напісала Фігера ў сваім допісе ў X.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША прывітаў пачатак перамоваў. Іх першы раўнд працягнецца да 12 жніўня.
«Гэтыя прамыя перамовы даюць унікальную магчымасць. Мы вітаем намаганні па задавальненні неадкладных патрэб пацярпелых ад землетрасенняў 24 чэрвеня, пашырэнні палітычных свабод і прасоўванні да больш стабільнай, квітнеючай будучыні для венесуэльскага народа.
Злучаныя Штаты па-ранейшаму прыхільныя падтрымцы гэтага працэсу, які ўзначальваюць самі венесуэльцы і які адыгрывае ключавую ролю ў трохэтапным плане прэзідэнта па стабілізацыі, эканамічным аднаўленні, палітычным прымірэнні і мірным пераходзе», — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента.
Далёка не ўсе прадстаўнікі апазіцыі ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. У прыватнасці, у яго не ўцягнутая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Марыя Карына Мачада. Разам з тым яна заявіла, што не будзе перашкаджаць прагрэсу ў перамовах.