Пасол МЗС Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор заявіў, што ад будучыні Беларусі ў значнай ступені залежыць бяспека ўсяго рэгіёна. Ён паведаміў, што пытанні дэмакратычнага пераходу ў Беларусі і ўзаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі абмяркоўваліся на адкрытай сустрэчы «Дыпламатыя без класічных інструментаў» у рамках праграмы «Start in Diplomacy», а таксама на сустрэчы з Грамадскім саветам пры МЗС Украіны 31 жніўня.
“Дыпламатыя з недружалюбнымі рэжымамі рэдка прытрымліваецца звыклых правілаў. Менавіта пра гэта гаварылі падчас адкрытай сустрэчы «Дыпламатыя без класічных інструментаў» у рамках праграмы «Start in Diplomacy», ініцыяванай Моладзевым саветам пры МЗС Украіны. Да сустрэчы далучыліся 130 удзельнікаў. Такая цікавасць моладзі да складаных пытанняў дыпламатыі і бяспекі важная для дзяржавы. 31 жніўня гэты дыялог працягнуўся падчас сустрэчы з Грамадскім саветам пры МЗС”, – расказаў ён у Instagram.
Ён адзначыў, што Украіна лічыць важным ужо цяпер падтрымліваць дыялог з прадстаўнікамі беларускіх дэмсіл.
“У абодвух фарматах асаблівую ўвагу надалі перспектывам дэмакратычнага пераходу ў Беларусі і ўзаемадзеянню з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Для Украіны гэта не толькі пытанне адносін з суседняй дзяржавай: ад будучыні Беларусі ў значнай ступені залежыць бяспека ўсяго рэгіёна.
Таму ўжо сёння важна падтрымліваць адкрыты і адказны дыялог з тымі, хто адстойвае дэмакратычнае і суверэннае развіццё Беларусі. Працягваем змястоўнае ўзаемадзеянне з моладдзю і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці дзеля абароны інтарэсаў Украіны і ўмацавання рэгіянальнай бяспекі”, – дадаў дыпламат.
