Бюджэт заплаціць працэнты па крэдытах двух прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі

Саўмін распарадзіўся кампенсаваць і аплаціць частку плацяжоў па крэдытах прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі ў 2026 годзе. Пастанова ўрада №32 ад 22 студзеня сёння апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Бенефіцыярамі дзяржпадтрымкі будуць «Івацэвічдрэў» і РУП «Завод газетнай паперы». Сумы ад кампенсацыі, а таксама сродкі, якія вызваляюцца ў выніку аплаты працэнтаў, яны павінны накіраваць на папаўненне абаротных сродкаў. Памер кампенсацыі і аплаты вар’іруецца і складзе 50% стаўкі па крэдытах «Завода газетнай паперы» і 90% — па крэдытах «Івацэвічдрэва».

Беллеспрам сумесна з Дзяржкаммаёмасцю да 1 красавіка 2026 года павінны прыняць меры па павелічэнні долі дзяржавы ў статутных фондах указаных прадпрыемстваў на суму аказанай ім дзяржпадтрымкі.

Дадзеныя меры прымаюцца ў адпаведнасці з указамі і пастановамі аб развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці, будаўніцтве завода сульфатнай адбеленай цэлюлозы, стварэнні вытворчасці паперы-асновы, мелаваных і немелаваных відаў кардону, прынятымі ў 2007–2014 гадах.

У гэтым годзе з ліку бенефіцыяраў дзяржпадтрымкі зніклі «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», «Кіруючая кампанія холдынга «Беларускія шпалеры». Таксама асаблівасцю пастановы стала наяўнасць у ёй двух падпунктаў з грыфам «для службовага карыстання».

Пастановай таксама прадугледжана павелічэнне долі дзяржавы ў ААТ «Івацэвічдрэў» на суму аказанай яму дзяржпадтрымкі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!