Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі выступіў у Сейме Літвы, які сёння ўшанаваў памяць ахвяр аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

“Беларускі праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, які страціў у выніку аварыі родную вёску сваёй маці, нагадаў пра ядзерную пагрозу, што ўзнікла паблізу літоўскай сталіцы Вільнюса, і выказаў падтрымку пазіцыі нашай краіны: «Беларуская АЭС — гэта праява гібрыднай вайны, накіраванай на дэстабілізацыю сітуацыі ва Усходняй Еўропе. Таму пазіцыя Літвы прынцыповая і рацыянальная і заслугоўвае поўнай падтрымкі», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы літоўскага парламента.

Акрамя Алеся Бяляцкага на пасяджэнні Сейма таксама выступілі пасол Украіны Вольга Нікітчанка, намеснік старшыні літоўскай асацыяцыі «Чарнобыль» Антанас Турчынас, спікер Сейма Юозас Олекас.

Як адзначае “Парламенцкі канал”, Бяляцкі таксама падкрэсліў, што Беларусь перажывае і палітычны Чарнобыль: рэпрэсіі, парушэнне правоў і свабод, знішчэнне грамадзянскай супольнасці. Ён нагадаў, што ў зняволенні знаходзіцца каля 900 палітвязняў, працягваюцца затрыманні і пераслед, людзі выкарыстоўваюцца як інструмент палітычнага гандлю.

Алесь Бяляцкі таксама падкрэсліў, што беларускае грамадства, нягледзячы на гэта, застаецца жывым і ў сваёй большасці выступае супраць вайны. Таксама нобелеўскі лаўрэат падзякаваў Літве за падтрымку беларускіх дэмсіл, прыём беларускіх бежанцаў і паслядоўную і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму.

У Сейме таксама адбылася сустрэча Алеся Бяляцкага са старшынёй парламента Юозасам Олекасам. Абмяркоўвалася падрыхтоўка пагаднення аб супрацоўніцтве літоўскага Сейма і беларускіх дэмсіл. Таксама закраналася сітуацыя ЕГУ, які быў прызнаны “экстрэмісцкай арганізацыяй” беларускімі ўладамі, падтрымка палітвязняў і роля Літвы ў гэтым. Была таксама адзначана роля дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь” у развіцці шырокай парламенцкай кааліцыі ў падтрымку Беларусі.

Падчас сустрэчы было адзначана, што “пасля папярэдніх кантактаў у Сейме Літвы адбыліся важныя галасаванні па беларускай павестцы”. Асобная падзяка была выказана “спікеру, дэпутацкай групе “За дэмакратычную Беларусь” і ўсім дэпутатам, якія не падтрымалі прапановы ўраўнаваць беларусаў з грамадзянамі Расіі ў прававым полі Літвы”.

На сустрэчы таксама прысутнічалі дарадцы Святланы Ціханоўскай Франк Вячорка, Анатоль Лябедзька і Дзяніс Кучынскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!