Изображение: BELPOL
Ініцыятыва былых сілавікоў BELPOL апублікавала расследаванне пра пастаўку беларускай кампаніяй абсталявання, якое было ўсталявана на прадпрыемстве расійскага ВПК на лініі працы з алюмініевым парашком, трацілам і гексагенам.
Гаворка ідзе пра беларускае ТАА “Элементарные машины”, якое спецыялізуецца на вытворчасці фасовачна-ўпаковачнага абсталявання, жарыльных печаў, прамысловых млыноў, змяшальнікаў, робатаў-палетайзераў, растарвальнікаў, а таксама іншых тэхналагічных машын для харчовай, хімічнай і фармацэўтычнай прамысловасці.
Паводле інфармацыі BELPOL, кампанія праз расійскага пасярэдніка ТАА «Детрелит» паставіла і зманціравала на вытворчасці АТ «Чебоксарское производственное объединение имени В.И. Чапаева» абсталяванне для лініі працы з алюмініевым парашком, трацілам і гексагенам — ключавымі кампанентамі выбухоўкі артылерыйскіх і рэактыўных снарадаў.
Беларускае прадпрыемства адправіла расійскаму пакупніку растваральнік, мембранныя помпы, вагавыя дазатары і пульты кіравання. Мантаж абсталявання быў праведзены летам мінулага года.
Поўнасцю расследаванне можна прачытаць на сайце BELPOL.