BELPOL апублікаваў даклад пра ўплыў санкцый

Ініцыятыва былых сілавікоў BELPOL апублікавала даклад пра ўплыў санкцый на беларускую эканоміку, асобныя галіны прамысловасці і ваенна-прамысловы патэнцыял.

Дакумент пад назвай “Санкцыі: фактычнае ўздзеянне на рэжым Лукашэнкі” заснаваны “на аналізе дакументаў, галіновых даных і матэрыялаў расследаванняў”. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічала Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

“У публічнай дыскусіі вакол санкцый супраць Беларусі ўсё часцей гучыць тэзіс пра тое, што санкцыі ўводзіліся з разлікам на іх наступную адмену. Аднак гэта скажае іх першапачатковыя мэты.

Санкцыі былі ўведзены як інструмент ціску на рэжым з мэтай змяніць канкрэтныя палітычныя і ваенныя практыкі. Гаворка ідзе перш за ўсё пра ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны, гібрыдныя дзеянні супраць краін ЕС, сістэмныя рэпрэсіі ўнутры краіны і масавае з’яўленне палітычных зняволеных. Адной з заяўленых мэтаў санкцыйнай палітыкі таксама з’яўляецца правядзенне новых дэмакратычных выбараў у Беларусі.

Адпаведна, адмена санкцый без дасягнення гэтых мэт азначае спыненне ціску да змены палітыкі рэжыму”, — гаворыцца ў анатацыі да дакладу.

У дакладзе прыводзіцца некалькі прыкладаў уплыву санкцый. У прыватнасці, Мінскі падшыпнікавы завод павінен быў рэалізаваць праект «Стварэнне імпартазамяшчальнай вытворчасці па выпуску спецыяльных вырабаў», які прадугледжваў асваенне вытворчасці карпусоў для артылерыйскіх снарадаў калібру 152 мм. Кошт праекта склаў 14,3 млрд расійскіх рублёў. 32% фінансавання было атрымана ад Расіі. Пастаўка лініі для рэалізацыі праекта была звязаная з абыходам санкцый, з-за чаго кошт канчатковага прадукту вырас, гаворыцца ў дакладзе.

“Купляць прадукцыю павінна было расійскае акцыянернае таварыства «Завод «Пластмас». Аднак кошт такога прадукту на расійскім рынку аказаўся ў тры разы меншым. У выніку да восені 2024 года лінія апынулася ў прастоі. Фінансавыя рэсурсы банкаў РФ і РБ былі скаваныя, а РФ не атрымала снарады з Беларусі для вайны ва Украіне”, — гаворыцца ў дакладзе.

BELPOL таксама прыводзіць прыклад затрымкі паставак для расійскіх спажыўцоў рознай прадукцыі ў рамках абароннага заказу, напрыклад, прыцэлаў для бронетэхнікі.

Санкцыі таксама адбіліся на якасці ваеннай прадукцыі. У прыватнасці, ініцыятыва прыводзіць прыклад з тымі ж прыцэламі. Першапачаткова ў іх выкарыстоўваўся энкодэр тайваньскай вытворчасці, аднак з-за санкцый яго пастаўкі былі спынены, а замена, знойдзеная ў КНР, аказалася горшай якасці.

З санкцыямі BELPOL звязвае і феномен аўтобусаў МАЗ, якія гараць. Да частых пажараў прывялі канструктыўныя недапрацоўкі, звязаныя з заменай рухавікоў Mercedes на кітайскія Weichai.

МЗКТ з-за санкцый не змог атрымаць ад IVECO партыю ў 30 шасі, пры гэтым перадаплата ў 69,7 тыс. еўра апынулася замарожанай.

У дакладзе таксама раскрываюцца наступствы санкцый у дачыненні да фінансавых устаноў Беларусі. Асобная глава прысвечана ўплыву санкцый на дзейнасць БЧ. У прыватнасці, з-за санкцый кітайскія партнёры чыгункі ў 2023 годзе не выканалі кантракт на пастаўку электравозаў.

Цалкам азнаёміцца з дакументам можна на сайце ініцыятывы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!