Балгарская HUS Ltd судзіцца з Міністэрствам абароны Украіны за беларускі метал — “Радыё Свабода”

Балгарская кампанія HUS Ltd звярнулася ва ўкраінскі суд з іскам супраць Міністэрства абароны Украіны, патрабуючы вярнуць металапрадукцыю Беларускага металургічнага завода, канфіскаваную ў 2022 годзе. Канфіскаваную маёмасць перадалі вайсковым часткам для выкарыстання ў абарончых мэтах, піша “Радыё Свабода” са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Паводле даных крыніц выдання, да вайны HUS Ltd набыла на БМЗ па афіцыйным кантракце больш за 1,3 млн кілаграмаў сталёвай катанкі, заплаціўшы нібыта каля 652 тысяч долараў. Прадукцыю транспартавалі з Беларусі ў Літву, затым праз Клайпедскі порт у Адэсу, дзе груз ужо перагружалі для далейшай адпраўкі ў Балгарыю — аднак пачалася поўнамаштабная вайна, і груз затрымаўся.

З 2022 года Украіна канфіскавала ўсю беларускую прадукцыю, якая знаходзілася ў партах, на чыгунцы і ў мытных зонах на ўкраінскай тэрыторыі. Толькі ў Адэскім марскім порце з 2022 года затрымана больш за тры мільёны кілаграмаў прадукцыі БМЗ.

Суд адмовіў балгарскай кампаніі ў вяртанні прадукцыі, паколькі паводле дакументаў яна належыць непасрэдна Беларускаму металургічнаму заводу. HUS Ltd мае права абскардзіць гэта рашэнне ў апеляцыйным парадку.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!