Прадстаўнікі BELPOL наведалі Латвію з рабочым візітам і правялі брыфінг у Міністэрстве замежных спраў краіны. Адной з тэм сустрэчы стаў міграцыйны крызіс на беларуска-латвійскай мяжы.
Як паведамілі ў прэс-службе арганізацыі, бакі абмеркавалі спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі і выкарыстанне міграцыйнага крызісу беларускімі ўладамі для ціску на краіны ЕС.
Асобна гаворка ішла пра бяспеку і далейшы абмен інфармацыяй. Абмяркоўваліся магчымасці прадастаўлення BELPOL на рэгулярнай аснове экспертных і аналітычных матэрыялаў пра дзейнасць беларускіх уладаў, рэгіянальныя пагрозы і механізмы абыходу санкцый.
Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі санкцыйную палітыку. У прыватнасці, гаворка ішла пра абмен інфармацыяй для ацэнкі эфектыўнасці дзейных абмежаванняў, выяўлення схем іх абыходу і падрыхтоўкі прапаноў па іх узмацненні.
У рамках візіту прадстаўнікі BELPOL узялі ўдзел у The Riga Conference 2026, дзе абмяркоўваліся пытанні бяспекі, знешняй палітыкі і стратэгічныя выклікі для краін Балтыі і Еўропы.
