Фото: t.me/customs_bel
Магілёўскія мытнікі выявілі буйную партыю замежных спажывецкіх тавараў, якая перамяшчалася з Расіі ў абыход мытнага афармлення. Агульны кошт грузу перавысіў 4 мільёны рублёў.
88,5 тысячы адзінак адзення, абутку, скураной галантарэі, чахлоў для мабільных тэлефонаў і іншых вырабаў перавозіліся ў грузавіку DAF, які спынілі падчас спецыяльных мерапрыемстваў на беларуска-расійскім участку мяжы.
У кіроўцы, які працуе ў беларускай кампаніі-перавозчыка, адсутнічалі транспартныя і таварасуправаджальныя дакументы на тавар, які прызначаўся для далейшага продажу на тэрыторыі Беларусі.
У дачыненні да юрыдычнай асобы распачаты адміністрацыйны працэс паводле артыкула 13.12 КаАП Беларусі. Ёй пагражае штраф у памеры да 50% ад кошту тавару, гэта значыць да 2 мільёнаў беларускіх рублёў, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі.