Фото: coe.int
Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл змогуць удзельнічаць у місіях па назіранні за мясцовымі выбарамі ў краінах — чальцах Савета Еўропы. Такое рашэнне прыняло Бюро Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы, паведамляе фракцыя Каардынацыйнага савета «Каманда Латушкі Рух „За Свабоду“».
Бюро таксама аднавіла запрашэнне для прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл — дэлегатаў КС, абраных у маі 2024 года, на ўдзел у 50-й сесіі Кангрэса. Акрамя таго, Каардынацыйнаму савету прапанавана прызначыць трох прадстаўнікоў з ліку дэлегатаў, якія будуць абраныя ў маі 2026 года, для ўдзелу ў сесіях Кангрэса ў 2026–2027 гадах, а таксама трох намеснікаў. Такім чынам, мандат працы беларускай дэлегацыі падоўжаны яшчэ на два гады.
Рашэнні былі прынятыя па выніках ініцыятыў беларускай дэлегацыі, вылучаных падчас сесій 2025 года і ў межах пастаянных кансультацый з Кангрэсам, у тым ліку падчас візіту дакладчыцы па Беларусі ў Польшчу.
Беларускую дэлегацыю ўзначальвае Ірына Халопiца з фракцыі «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“». У яе склад таксама ўваходзяць Аляксандра Дойнiч і Яўген Караулаў з «Моладзевага наступу», Паліна Бродзік з «Беларусаў», Юрый Губарэвіч і Алесь Міхалевіч з «Каманды Латушкі і Рух „За Свабоду“».
Сярод ключавых дадатковых рашэнняў таксама называецца згода Бюро на ўвядзенне з 2026 года маладзёжнага дэлегата ад беларускіх дэмакратычных сіл.
Асобна ў Кангрэсе паведамілі, што, нягледзячы на фармальнае завяршэнне прыёму заявак у ініцыятыву Rejuvenating Politics 2026, было вырашана дадаткова адкрыць набор для моладзі з беларускіх дэмсіл. Адабраныя ўдзельнікі змогуць узяць удзел у дзвюх сесіях Кангрэса ў 2026 годзе. Падрабязную інфармацыю для патэнцыйных кандыдатаў абяцаюць апублікаваць пазней.