Беларускія беспілотнікі і сродкі РЭБ нясуць баявое дзяжурства ў Эфіопіі

Беларускія беспілотныя авіяцыйныя комплексы і сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія прайшлі выпрабаванні ў Эфіопіі, ужо нясуць баявое дзяжурства ў рэгіёне, паведамілі ў Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі.

Паводле даных ведамства, беларускую экспазіцыю на выставе Aviation Expo 2026, якая адкрылася 23 студзеня, наведаў прэм’ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед Алі. Старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус асабіста прадэманстраваў кіраўніку эфіопскага ўрада беспілотныя авіяцыйныя комплексы і сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

«Варта адзначыць, што дадзеныя віды ВВСТ, якія прайшлі выпрабаванні на тэрыторыі Эфіопіі, паспяхова сябе зарэкамендавалі і ўжо нясуць баявое дзяжурства з мэтай захавання бяспекі ў рэгіёне», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У бліжэйшы час плануецца стварэнне сумесных зборачных вытворчасцей прадстаўленых на выставе ўзораў ваеннай тэхнікі.

Нагадаем, днямі Пантус сустрэўся з міністрам абароны Эфіопіі Айшой Мохаммед і з начальнікам генеральнага штаба краіны фельдмаршалам Бірхану Джула Гелалча.

Фота: t.me/vpkgovby
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!