Фото: unsplash.com
Латвія паэтапна закрывае рэгулярныя аўтобусныя зносіны з Беларуссю, піша тэлеграм-канал Infotrans Media Belarus. Паводле інфармацыі рэсурсу, першы маршрут — «Рыга—Віцебск» — спыніць працу ўжо з 1 лютага 2026 года, а затым будуць спыненыя і астатнія напрамкі.
Адзначаецца, што гаворка ідзе не пра прамую забарону паездак, а пра спыненне падаўжэння дазволаў на рэгулярныя пасажырскія перавозкі. Пасля заканчэння тэрміну дзеяння ліцэнзій аўтобусы больш не змогуць выходзіць на маршруты.
У цяперашні час рэгулярныя аўтобусныя рэйсы ў Беларусь з Латвіі выконваюць кампаніі Latlines і Dautrans. Ліцэнзія Dautrans на маршрут «Рыга—Віцебск» заканчваецца 31 студзеня 2026 года. У кампаніі Latlines дазвол на маршрут «Рыга—Мінск» дзейнічае да 26 лютага 2026 года, а на маршрут у Гомель, які праходзіць праз Полацк, Віцебск, Оршу і Магілёў, — да 27 чэрвеня 2026 года, піша рэсурс.