Беларуска-расійскі самалёт “Асвей” створаць за два гады

Беларуска-расійскі самалёт “Асвей” створаць за два гады. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў.

“Усё неабходнае для вытворчасці такога самалёта ёсць. Мне, шчыра кажучы, незразумела, чаму тэрміны зрушваюцца, паколькі прататыпы былі ў Савецкім Саюзе і ў Расіі, на працягу прыкладна 20 гадоў ідуць навукова-тэхнічныя праекты, распрацоўкі. Работы ідуць. У бліжэйшыя пару гадоў яны павінны завяршыцца. Там ёсць вялікі задзел”, – заявіў ён у інтэрв’ю ТАСС.

Трэба адзначыць, што ў сярэдзіне сакавіка ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BELPOL апублікавала дакументы, з якіх вынікае, што праект ідзе не так гладка. У прыватнасці, у верасні мінулага года Дзяржкамваенпрам накіраваў расійскаму холдынгу «Тэхнадынаміка» ліст, у якім выказвалася трывога наконт ходу рэалізацыі праекта.

Беларускі бок указваў, што расійскае АТ „Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі“ не выканаў шэраг ключавых мерапрыемстваў, у тым ліку выраб і выпрабаванне аэрадынамічнай мадэлі, не атрымаў заключэнне ў Цэнтральным аэрагідрадынамічным інстытуце. Пры гэтым разлікова-канструктарская дакументацыя, якая павінна была быць гатова ў снежні 2024 года, будзе здадзена не раней за першы квартал 2026 года. Таксама ўздымаліся пытанні з фінансаваннем.

Першапачаткова паведамлялася, што першыя “Асвеі” павінны былі паляцець у 2026 годзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!