Беларуса аштрафавалі ў Польшчы за тое, што мала адпачываў
Рэдакцыя Reform.news · 5 чэрвеня 2026, 19:14
https://reform.news/be/belarusa-ashtrafavali-polshchy-za-toe-shto-mala-adpachyva/У Польшчы беларускага дальнабойшчыка аштрафавалі за невыкананне графіка працы і адпачынку, паведамляе Інспекцыя аўтамабільнага транспарту Польшчы.
Грузавы аўтамабіль пад кіраваннем беларуса спынілі на трасе ў раёне горада Мшчонув 28 мая. Кіроўца перавозіў груз з Італіі ў Польшчу. Супрацоўнікі Інспекцыі аўтамабільнага транспарту не знайшлі парушэнняў у дакументах, але пытанні выклікалі даныя тахографа і картка кіроўцы.
Інспектары выявілі тры выпадкі скарачэння штотыднёвага адпачынку: у двух выпадках амаль на 21 гадзіну, у адным — амаль на 20 гадзін. Таксама за 57 дзён кіроўца чатыры разы перавысіў максімальна дапушчальны час кіравання аўтамабілем без абавязковага перапынку. Акрамя гэтага, ён не ўносіў уручную даныя ў картку кіроўцы.
Кіроўцу аштрафавалі на 6100 злотых. Пакаранне таксама чакае літоўскага перавозчыка, якому належыць грузавік, і супрацоўніка, адказнага за арганізацыю перавозак у кампаніі.
