Фото: Kelly Neil / Unsplash.com
Беларусь у мінулым годзе стала галоўным пакупніком расійскіх агуркоў. Пра гэта паведамляе Прайм са спасылкай на Рассельгаснагляд.
Усяго ў мінулым годзе РФ, паводле даных сістэмы “Аргус-Фіта”, экспартавала 24,5 тыс. т агуркоў, з якіх на долю Беларусі прыпала 17,1 тыс. т агуркоў.
Трэба адзначыць, што ў Беларусі пару гадоў таму была прынята праграма па забеспячэнні краіны агуркамі і таматамі ў міжсезонне. Цяплічным гаспадаркам была аказана адпаведная падтрымка на будаўніцтва і мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў, каб можна было вырошчваць гародніну з дасветкай. Урад адчытваўся, што забяспечыў патрэбы краіны ў агурках у міжсезонне. Аднак на мінулым тыдні агуркі і цэны на іх сталі прадметам невялікай спрэчкі падчас справаздачы ўрада, з якой вынікае, што з забеспячэннем агуркамі не ўсё так гладка.
Аляксандр Лукашэнка тады выказаў прэтэнзію, што агуркі ў студзені за месяц падаражэлі на 6%. Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў паспрабаваў апраўдацца, што ў гадавым вылічэнні цэны знізіліся.
“Вядома, сезонныя ўсплёскі ёсць”, – сказаў Снапкоў.
“А вы мне абяцалі, яшчэ Заяц працаваў, мы дасвецім. Дасвяцілі?” – перапыніў яго Лукашэнка.
“Аляксандр Рыгоравіч, а ў нас няма цяпер таго, што агуркі перавысілі, беларускія агуркі, таго, што перавысілі гранічныя цэны, якія ўстаноўлены, інфляцыю даў расійскі. Бо на дадзены момант ёсць недахоп, з аднаго боку. З другога боку, і я прасіў КДК і ФПБ, каб уключыліся яны не ў розніцу, а да нашых цяпліц, якія на дадзены момант хітруюць і вязуць агурок у Расію, бо там цэннік большы”, – адказаў Снапкоў.
Яму на дапамогу прыйшоў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, які сказаў, што патрэбы ў агурках закрыты на 140%, а да наступнага міжсезоння павінны закрыць патрэбу і ў памідорах.