Асуджанай за «абразу Лукашэнкі» пенсіянерцы замянілі «хатнюю хімію» на калонію
Рэдакцыя Reform.news · 25 лістапада 2026, 15:21
https://reform.news/be/asudzhanaj-za-abrazu-lukashjenki-pensijanercy-zamjanili-hatnjuju-himiju-na-kaloniju/72-гадовую жыхарку аграгарадка Красная Буда Добрушскага раёна Алу Захараву, раней асуджаную на 3 гады «хатняй хіміі» за абразу Аляксандра Лукашэнкі, адправілі ў калонію на паўтара года. Пра гэта піша «Гомельская вясна» са спасылкай на былую зняволеную гомельскай жаночай калоніі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, першапачаткова Захараву арыштавалі паводле адміністрацыйнага абвінавачання ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пакуль жанчына знаходзілася пад арыштам, у дачыненні да яе распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 368 КК аб “абразе Лукашэнкі”.
Увесну 2025 года суд Добрушскага раёна прысудзіў жанчыну да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Улетку таго ж года МУС унесла яе ў «спіс экстрэмістаў».
У рамках выканання пакарання Захарава павінна была рэгулярна адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Добрушскага РАУС. Аднак вёска, у якой жыве жанчына, знаходзіцца за 34 кіламетры ад Добруша. Паводле звестак праваабаронцаў, Захарава працягвала весці хатнюю гаспадарку і праз праблемы з транспартам і гаспадарчыя клопаты не заўсёды паспявала своечасова з’яўляцца ў інспекцыю.
У 2026 годзе суд Добрушскага раёна замяніў жанчыне «хатнюю хімію» на 1,5 года пазбаўлення волі. На момант прыняцця рашэння ёй быў 71 год. З красавіка Захарава знаходзіцца ў папраўчай калоніі №4 у Гомелі.
