Президент Южной Кореи Юн Сок Ёль. Фото: yna.co.kr
Суд Сеула вынес чарговы абвінаваўчы прысуд былому прэзідэнту Юн Сок Ёлю. Ён ужо быў асуджаны двойчы, пры гэтым па справе аб увядзенні ваеннага становішча ў лютым гэтага года яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі.
Новым прысудам суд прызнаў Юн Сок Ёля вінаватым у арганізацыі пранікнення беспілотнікаў у Паўночную Карэю з мэтай узмацнення напружанасці на мяжы і стварэння падставы для абвяшчэння ім ваеннага становішча ў снежні 2024 года. Быламу прэзідэнту было прызначана пакаранне ў выглядзе 30 гадоў пазбаўлення волі. Яго адвакаты будуць абскарджваць прысуд.
Па новай справе таксама былі вынесены прысуды былому міністру абароны Кім Ён Хёну (30 гадоў пазбаўлення волі), былому кіраўніку контрразведкі Міністэрства абароны Ё Ін Хёну (15 гадоў), а таксама былому начальніку камандавання беспілотнікаў Кім Ён Дэ (5 гадоў).
У кастрычніку 2024 года Пхеньян абвінаваціў Сеул у пранікненні беспілотнікаў і скіданні прапагандысцкіх улётак на сталіцу Паўночнай Карэі. Тадышні міністр абароны першапачаткова адмаўляў гэтае абвінавачанне з боку Паўночнай Карэі. Пазней Міністэрства абароны заявіла, што не можа ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтае абвінавачанне.
Адвакаты былога прэзідэнта настойвалі на тым, што выкарыстанне беспілотнікаў было законнай ваеннай аперацыяй у адказ на запуск Паўночнай Карэяй паветраных шароў са смеццем у бок Паўднёвай Карэі ў 2024 годзе.
Як паведамляе Yonhap, Юн Сок Ёлю яшчэ трэба будзе прайсці некалькі судовых працэсаў, звязаных з яго няўдалай спробай увесці ваеннае становішча. Адвакаты былога прэзідэнта ўжо абскарджваюць пажыццёвы прысуд для яго, вынесены ў лютым.