Reform.news

АПК узнагародзіў Леха Валенсу «Крыжам Добрасуседства»

Рэдакцыя Reform.news · 2 чэрвеня 2026, 14:22

https://reform.news/be/apk-uznagarodzi-leha-valensu-kryzham-dobrasusedstva/

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі ўзнагародзіў былога прэзідэнта Польшчы, лідара «Салідарнасці» Леха Валенсу. «Крыж Добрасуседства» быў уручаны яго сыну Багдану Валенсу падчас Форуму Касцюшкі, які праходзіць у Гданьску.

«Менавіта польская “Салідарнасць” і яе лідар — Лех Валенса паказалі, што сапраўдная сіла — у яднанні. Што супольная воля здольная вярнуць людзям голас і сілу, і тады любая беспакаранасць заканчваецца, а уяўны маналіт дыктатуры непазбежна крышыцца», — адзначыў намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка падчас цырымоніі ўзнагароджання.

«Крыж Добрасуседства» ўручаецца АПК за асаблівы ўклад у наладжванне адносін паміж Беларуссю і іншымі краінамі, а таксама за садзейнічанне дэмакратычным пераменам у Беларусі. Рашэнне аб узнагароджанні Леха Валенсы было прынята ў студзені.

«Свабода народа пачынаецца з яго салідарнасці. У 2020 годзе беларусы прадэманстравалі гэтую сілу ўсяму свету і працягваюць быць салідарнымі сёння — у падтрымцы палітвязняў, узаемадапамозе ўнутры Беларусі і ў эміграцыі, дзе мы штодня падстаўляем плячо адзін аднаму.

Мы бачым, як сёння дыктатары і аўтакраты паверылі ў сваю поўную беспакаранасць. Як вырашылі, што могуць знішчаць правы чалавека і пагражаць бяспецы суседзяў. Але менавіта салідарнасць свабодных людзей і нацый — гэта тая рэальная сіла, якая здольная і павінна паставіць агрэсіўных дыктатараў на месца», — дадаў Павел Латушка.

Рэклама

Пакінуць адказ