Иван Новиков. Фото: МВД
У Беларусі пражывае амаль 240 тыс. замежнікаў. Амаль палова замежных работнікаў прыехалі ў краіну з Туркменістана. За мінулы год з Беларусі выдварылі 4860 замежнікаў. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце МУС “На страже” распавёў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Іван Новікаў.
“На сённяшні дзень на ўліку ў АУС знаходзіцца больш за 70 тысяч замежнікаў, якія атрымалі дазволы на часовае пражыванне, і каля 168 тысяч пастаянна пражываючых у Беларусі”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, у мінулым годзе больш чым 24 тыс. замежнікам былі ануляваныя дазволы на часовае і пастаяннае пражыванне.
“За грубае парушэнне заканадаўства прынята рашэнне аб выдварэнні з краіны 4860 чалавек (у 2024 годзе — 5512), а 3885 адмоўлена ва ўездзе (у 2024 годзе — 3382). Па матэрыялах АУС і хадайніцтвах дзяржорганаў, 7806 выхадцам з іншых дзяржаў забаронены ўезд у рэспубліку”, – дадаў Новікаў.
У Беларусі ў мінулым годзе працавалі больш за 48 тыс. працоўных мігрантаў. Яны працавалі ў больш чым 9 тыс. наймальнікаў.
“Асноўную частку замежнікаў, што ўехалі для працы, складаюць грамадзяне Туркменістана (23 050, або 48%), Расіі (4677, або 10%), Украіны (4389, або 9%), Узбекістана (3618, або 7,5%) і Кітая (3438, або 7%)”, – распавёў начальнік дэпартамента.