Амаль 11 тысяч беларускіх студэнтаў вучацца ў польскіх ВНУ

Галоўнае
Варшавский университет. Фото: facebook.com/fanpageUW

10 710 грамадзян Беларусі вучыліся ў польскіх ВНУ ў зімовым семестры 2025/2026 навучальнага года. Такія даныя змяшчаюцца ў афіцыйным адказе намесніка міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэя Шаптыцкага на запыт намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі.

Больш за ўсё беларускіх студэнтаў навучалася ў Варшаўскім універсітэце – 490 чалавек. Далей ідуць Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне – 486, Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані – 453, Польска-японская акадэмія камп’ютарных тэхналогій – 405 і Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве – 391.

Не менш за 566 беларускіх студэнтаў вучыліся ў польскіх медыцынскіх ВНУ. Акрамя таго, 54 беларускія навукоўцы і даследчыкі працавалі ў польскіх акадэмічных установах.

Прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначыў, што вялікая колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы сведчыць пра імкненне многіх маладых людзей атрымліваць еўрапейскую адукацыю. Разам з тым ён звярнуў увагу на скарачэнне колькасці беларускіх навучэнцаў за апошні год, звязанае са змяненнем умоў прыёму.

Павел Латушка назваў беларусаў, якія навучаюцца ў Польшчы, значным інтэлектуальным патэнцыялам для будучыні краіны.

«Усе гэтыя студэнты маглі б атрымліваць веды і працаваць дома, і наша краіна не губляла б адны са сваіх найлепшых кадраў, калі б не рэпрэсіўная палітыка Лукашэнкі. Яна пазбаўляе перспектыў як Беларусь у цэлым, так і маладых людзей, якія імкнуцца жыць і развівацца ў нармальнай, дэмакратычнай і свабоднай краіне», – заявіў ён.

Ён звярнуў увагу на больш як 500 беларускіх студэнтаў у медыцынскіх універсітэтах Польшчы:

«Гэта сапраўды ўражальная лічба, асабліва з улікам таго, які востры дэфіцыт лекараў мы назіраем цяпер у Беларусі. Гэта тыя маладыя спецыялісты, якія маглі б у будучыні ратаваць жыцці беларусаў і развіваць нашу ахову здароўя, але з-за злачынных дзеянняў рэжыму вымушаныя рэалізоўваць свае таленты за мяжой.

Вельмі спадзяюся, што пасля дэмакратычных змен у Беларусі ўдасца забяспечыць умовы для вяртання многіх беларусаў з еўрапейскай адукацыяй дадому, дзе яны змогуць рэалізаваць свой патэнцыял, будаваць паспяховую кар’еру і працаваць на карысць нашай незалежнай дзяржавы», – дадаў палітык.

Амаль 11 тысяч беларускіх студэнтаў вучацца ў польскіх ВНУ
Выява: t.me/CabinetBelarus
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.