Скриншот видео DW Беларусь
Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі праз тры гады асабіста атрымаў у Осла Нобелеўскі дыплом і знак нобелеўскага лаўрэата, паведамляе DW Беларусь. Заснавальніка і кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» вітаў у Нарвежскім нобелеўскім інстытуце кіраўнік Нобелеўскага камітэта Ёрген Ватне Фрыднэс.
На цырымоніі праваабаронца прысутнічаў разам са сваёй жонкай Наталляй Пінчук, якая ў 2022 годзе прадстаўляла яго на цырымоніі ўручэння прэміі.
На думку Бяляцкага, працэс вызвалення палітвязняў будзе працягвацца.
“І цяпер гэта, напэўна, самая галоўная праблема для нас. У турме працягваюць сядзець і праваабаронцы, і журналісты, і грамадскія актывісты. І, вядома, гэты ўзровень страху і ціску на грамадства, ён не аслаб, нягледзячы на тое, што мы выйшлі на волю. Таму вельмі важна працягваць ціск на беларускі ўрад, на Лукашэнку, з тым, каб у Беларусі былі выпушчаныя ўсе зняволеныя”, — падкрэсліў ён.
“І, дарэчы, Лукашэнка таксама выказваўся за тое, што добра было б, каб Трамп атрымаў гэтую прэмію, але я не буду каментаваць гэтыя выказванні. Я лічу, што гэта рашэнне Нобелеўскага камітэта, і яно дастаткова суверэннае, і, я думаю, што гэта іх права. Мы можам толькі неяк абмяркоўваць гэта, каментаваць, але не больш за тое”, — дадаў праваабаронца.
Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня 2021 года і прыгаварылі да 10 гадоў калоніі. Праваабаронцу прызналі вінаватым у кантрабандзе арганізаванай групай і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ён быў вызвалены 13 снежня разам са 122 іншымі палітвязнямі.
Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2022 года разам з расійскім аб’яднаннем «Мемарыял» і ўкраінскай арганізацыяй «Цэнтр Грамадзянскіх Свабод».