Александр Елисеев
Грамадскаму актывісту з Калінкавічаў, былому члену Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандру Елісееву прысудзілі 10 гадоў калоніі, паведамляе «Гомельская вясна». Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Елісеева прызналі вінаватым паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса аб здрадзе дзяржаве і артыкула 368 аб абразе Лукашэнкі. Сутнасць абвінавачанняў застаецца невядомай. Да ўступлення прысуду ў законную сілу Елісеева працягваюць утрымліваць у следчых камерах турмы №4 у Магілёве.
Аляксандр Елісееў — грамадскі актывіст з Калінкавічаў, былы член ліквідаванай у Беларусі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у незалежным назіранні за выбарамі розных узроўняў і фіксаваў парушэнні дэмакратычных працэдур. Елісееў таксама адмаўляўся плаціць штрафы, прызначаныя яму па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.
У 2020 годзе і пазней улады неаднаразова затрымлівалі Елісеева і прызначалі яму працяглыя адміністрацыйныя арышты. Падчас аднаго з такіх арыштаў, у лютым 2022 года, за 5 дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, ён абвяшчаў галадоўку. У той перыяд расійскія войскі размяшчаліся ў наваколлях Калінкавічаў і Мазыра. Фармальнай падставай для арышту Елісеева тады стала абвінавачанне ў «дробным хуліганстве».
Паводле адукацыі Елісееў — спецыяліст у галіне авіяцыйнай прамысловасці, скончыў Кіеўскі міжнародны ўніверсітэт грамадзянскай авіяцыі (цяпер Кіеўскі авіяцыйны інстытут). Некаторы час працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, а пазней — праграмістам у Беларусі.
Дакладная дата затрымання Елісеева невядомая. У лістападзе мінулага года стала вядома, што яго ўтрымліваюць у следчых камерах турмы №4 у Магілёве. Пра гэта праваабаронцам паведаміла крыніца ва ўстанове. 14 лістапада 2025 года праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Аляксандра Елісеева палітвязнем.