Адукацыйны цэнтр для «талковых тэхнароў» можа з’явіцца ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка прапануе стварыць у Беларусі адукацыйны цэнтр, дзе будуць вучыцца найлепшыя студэнты тэхнічных спецыяльнасцяў. Пра гэта ён заявіў, узгадняючы прызначэнне Андрэя Парфіевіча на пасаду рэктара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Лукашэнка разлічвае, што ў цэнтр будуць адбіраць па 20–30 чалавек у год, а ўсяго ў ім будзе вучыцца каля 1000 студэнтаў.

«Павінен сказаць, што мы разглядаем варыянт стварэння адукацыйнага цэнтра, назавём яго так. Можа, універсітэтам ці цэнтрам. Але сабраць туды па перспектыўных напрамках самых талковых дзяўчат і хлопцаў. Можа, іх тысяча будзе з часам, калі цалкам будзе ўкамплектаваны.

Я чаму табе пра гэта кажу, таму што там ёсць чыста тэхнічны адзін напрамак. Вядома, рэктары з пэўнай рэўнасцю гэта ўспрымаюць. Тады я вырашыў проста рэктарам гэта даручыць стварыць. Па 20–30 чалавек мы будзем набіраць у год. І вось няхай тэхнары па краіне паездзяць», — заявіў Лукашэнка.

Ён узгадаў, як праходзіў адбор у групу на біялагічны факультэт БДУ, дзе цяпер вучыцца яго малодшы сын Мікалай.

«Вопыт ужо ёсць. Я датыкаўся да гэтага, таму што ў Пекінскі ўніверсітэт, дзе вучыцца малодшы, па краіне шукалі пяць чалавек. Ну я яшчэ 20 далучыў. Ён кажа, што вельмі моцныя дзяўчаты і хлопцы. Яны самі хочуць, іх не трэба прымушаць. Яны ведаюць, куды яны трапілі. Вядома, мы ва ўсе ВНУ такіх не знойдзем. Нам трэба будзе ў гэты цэнтр адбіраць, як зярняткі, найлепшых», — расказаў Лукашэнка.

Лукашэнка дапускае, што выкладчыкаў у цэнтр будуць запрашаць з-за мяжы. Сярод перспектыўных напрамкаў ён назваў касмічныя апараты, праектаванне, будаўніцтва, біятэхналогіі на мяжы з медыцынай.

Лукашэнка адзначыў, што сам цэнтр ужо пабудаваны, але яго трэба загрузіць.

«Да гэтага трэба быць гатовымі. І без рэўнасці, а, наадварот, датыкнуцца і паўдзельнічаць у гэтым. Але вылучыць з грамадства вось гэтыя зярняткі. Найлепшых. Шмат іх не трэба. Часам адзін можа цэлы напрамак, школу стварыць і пацягнуць за сабой тысячы добрых спецыялістаў. Таму мы хочам стварыць такі цэнтр. Пакуль прапрацоўваем. У бліжэйшы час яшчэ раз збяромся, абмазгуем, падумаем. Тым больш, што мы пабудавалі гэты цэнтр, яго трэба проста цяпер загрузіць», — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!