Карим Хан. Фото: icc-cpi.int
Маскоўскі гарадскі суд завочна вынес прысуд па крымінальнай справе ў адносінах да пракурора і васьмі суддзяў Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Як паведамілі ў прэс-службе расійскай Генпракуратуры, у залежнасці ад ролі кожнага яны прызнаныя вінаватымі па ч. 2 арт. 299, ч. 2 арт. 301, ч. 1 арт. 30 і ч. 2 арт. 360 КК РФ. Яны абвешчаныя ў міжнародны вышук.
“У судзе ўстаноўлена, што з лютага па сакавік 2022 года ў Гаазе пракурор МКС Карым Хан незаконна прыцягнуў да крымінальнай адказнасці грамадзян Расійскай Федэрацыі. Прэзідыум МКС пры адсутнасці законных падстаў даў указанні суддзям палаты вынесці загадзя незаконныя ордары аб іх затрыманні”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Карыму Хану прызначана 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем першых 9 гадоў у турме, астатняга тэрміну — у папраўчай калоніі строгага рэжыму. Астатнія прадстаўнікі Міжнароднага крымінальнага суда прысуджаныя да пазбаўлення волі на тэрміны ад 3,5 да 15 гадоў.
Нагадаем, у сакавіку 2023 года Следчы камітэт РФ у адказ на ордар на арышт Уладзіміра Пуціна завёў крымінальную справу на пракурора Міжнароднага крымінальнага суда Карыма Ахмада Хана, а таксама суддзяў МКС Тамока Аканы, Разарыё Сальваторэ Айталу і Серхіа Херарда Угальдэ Гадзінэса. У паведамленні СК назвалі незаконным рашэнне суддзяў МКС аб затрыманні прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.