Дырэктар Віленскага офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі абмеркаваў з прадстаўнікамі літоўскіх уладаў пытанні, якія закранаюць беларусаў у Літве. 9–10 верасня ён правёў сустрэчы з дарадцам прэзідэнта Літвы па знешняй палітыцы Донатасам Аўгілісам і віцэ-спікерам Сейма Вікторыяй Чмілітэ-Нільсен.
Адной з тэм стала магчымае абмежаванне аўтобусных зносін з Беларуссю і Расіяй. У Літве абмяркоўваецца варыянт увядзення з 2027 года абмежаванняў па прыкладзе Латвіі. На сустрэчах абмеркавалі, як не дапусціць, каб такія меры закранулі беларусаў.
Бакі таксама абмеркавалі доступ беларусаў да курсаў літоўскай мовы. Было адзначана, што ахвотных вывучаць мову і ўдзельнічаць у жыцці Літвы шмат, аднак месцаў на курсах не хапае.
Асобна гаворка ішла пра падрыхтоўку да магчымага вызвалення палітвязняў і іх вывазу ў Літву. Кучынскі падзякаваў літоўскаму боку за дапамогу з дакументамі і легалізацыяй ужо вызваленых беларусаў.
Яшчэ адной тэмай стала сітуацыя ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Кучынскі прадставіў літоўскім партнёрам сваё бачанне магчымай падтрымкі ЕГУ ва ўмовах крызісу.
Удзельнікі сустрэч таксама абмеркавалі бяспеку Літвы і рэгіёна, ваенна-палітычную сітуацыю ў Беларусі і рызыкі выкарыстання яе тэрыторыі Расіяй для агрэсіі супраць суседніх краін. Па выніках бакі адзначылі супадзенне ацэнак сітуацыі.
Акрамя таго, Кучынскі абмеркаваў магчымыя фарматы ўдзелу беларускіх прадстаўнікоў у мерапрыемствах падчас старшынства Літвы ў Савеце ЕС і неабходнасць захоўваць беларускую тэматыку ў парадку дня Еўрасаюза.
«Мы ведаем пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве. І наша задача – па магчымасці іх вырашыць. Нам важна, каб беларусы ў Літве маглі вывучаць мову, атрымліваць адукацыю і ўдзельнічаць у жыцці краіны. Мы бачым, што ўвосень у Сейме чакаюцца дыскусіі пра розныя абмежаванні, і ўжо цяпер таму актыўна працуем з партнёрамі, каб данесці сваю пазіцыю і абараніць інтарэсы беларусаў», – заявіў Кучынскі.




