Фото: Подляская полиция
Сёння раніцай у Беластоку адбылося ДТЗ з удзелам аўтамабіля беларускага дыпламатычнага корпуса і паліцэйскага патрульнага аўтамабіля. У выніку сутыкнення пацярпела супрацоўніца паліцыі.
Як піша Fakt.pl са спасылкай на Падляскую паліцыю, аварыя адбылася каля 6:30 на кальцавой развязцы імя Фаўстыны Кавальскай, якая злучае вуліцы Юравецкую і Палескую. Паводле папярэдніх звестак, кіроўца BMW, які належыць дыпламатычнаму корпусу Беларусі, не саступіў дарогу і сутыкнуўся з паліцэйскім аўтамабілем.
Пацярпелую супрацоўніцу паліцыі даставілі ў бальніцу для абследавання, аднак у той жа дзень яе адпусцілі дадому. На шчасце, абышлося без сур’ёзных траўмаў. Абодва кіроўцы ў момант здарэння былі цвярозыя.
У паліцыі падкрэслілі, што ніхто не ўцякаў з месца аварыі. Здарэнне кваліфікавана як дарожная калізія. Кіроўцу дыпламатычнага аўтамабіля вынесена папярэджанне.