Reform.news

Швейцарыя далучылася да чарговых санкцый ЕС супраць Расіі і Беларусі

Рэдакцыя Reform.news · 5 лістапада 2026, 18:16

https://reform.news/be/shvejcaryja-daluchylasja-da-chargovyh-sankcyj-es-suprac-rasii-i-belarusi/

Швейцарыя далучыцца да мер 21-га пакета санкцый Еўрасаюза супраць Расіі і Беларусі. Адпаведнае рашэнне Федэральны савет краіны прыняў 4 лістапада.

3 лістапада Федэральны дэпартамент эканомікі, адукацыі і даследаванняў Швейцарыі пашырыў і абнавіў санкцыйныя спісы. Пад абмежаванні дадаткова трапілі 254 фізічныя і юрыдычныя асобы, а таксама арганізацыі. Для фізічных асоб прадугледжаная забарона на ўезд і транзіт праз Швейцарыю, для кампаній і арганізацый — замарожванне актываў і забарона на прадастаўленне сродкаў.

У гандлёвай сферы 41 кампанію, у тым ліку зарэгістраваную ў трэціх краінах, уключылі ў пералік арганізацый, якія падпадаюць пад узмоцнены экспартны кантроль. Акрамя таго, Швейцарыя ўвяла забарону на аперацыі з шэрагам кампаній і арганізацый. Сярод іх 33 расійскія банкі, адзін банк з трэцяй краіны, 17 фінансавых устаноў і пастаўшчыкоў паслуг у сферы крыптавалют, 5 кампаній з трэціх краін, 4 расійскія аэрапорты і 2 парты.

Абмежаванні таксама закранулі 41 судна, звязанае з расійскім ценявым флотам. У дачыненні да іх уведзеныя забароны на куплю, продаж і аказанне паслуг.

У энергетычнай сферы Швейцарыя пашырыла абмежаванні, звязаныя з расійскім звадкаваным прыродным газам. Продаж або перадача права ўласнасці на танкеры для перавозкі ЗПГ у трэціх краінах цяпер падлягае абавязковаму паведамленню. Пры гэтым да 31 сакавіка 2028 года падоўжана выключэнне з забароны на перавозку расійскай нафты і спадарожныя паслугі для асобных паставак у Японію.

У фінансавай сферы ўзмоцненыя абмежаванні ў дачыненні да крыптавалют. Грамадзянам Расіі і асобам, якія пражываюць у Расіі, забаранілі набываць долі ў швейцарскіх кампаніях, якія аказваюць паслугі ў сферы крыптавалют.

Акрамя таго, новыя меры прадугледжваюць дадатковую абарону швейцарскіх кампаній і грамадзян ад неправамерных рашэнняў расійскіх судоў, а таксама падаўжэнне шэрагу выключэнняў, якія дазваляюць упарадкавана завяршаць камерцыйную дзейнасць у Расіі.

Швейцарыя таксама выключыла з санкцыйнага спіса 6 фізічных асоб і 1 кампанію.

“Кіруючыся меркаваннямі знешняй палітыкі і прававымі аспектамі, Швейцарыя ў цяперашні час устрымліваецца ад уключэння двух грамадзян Расіі ў санкцыйны спіс. Таксама ў дачыненні да 14 кампаній з трэціх краін пакуль не прымяняюцца ўзмоцненыя меры экспартнага кантролю. Тым не менш аператыўныя меры, ужо ўкаранёныя ў рамках 20-га пакета санкцый, гарантуюць адсутнасць абыходу гандлёвых абмежаванняў”, – заявілі ў Федэральным савеце.

Змены ў санкцыйных спісах набылі моц 4 лістапада ў 23:00, сектаральныя абмежаванні пачалі дзейнічаць 5 лістапада.

Рэклама

Пакінуць адказ