Пацвердзілася інфармацыя пра ліквідацыю грэка-каталіцкай парафіі ў Оршы
Рэдакцыя Reform.news · 23 кастрычніка 2026, 14:55
https://reform.news/be/pacverdzilasja-infarmacyja-pra-likvidacyju-grjeka-katalickaj-parafii-orshy/У Беларусі пацвердзілі ліквідацыю грэка-каталіцкай парафіі ў Оршы. Як піша Katolik.life, пасля перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый у краіне засталося 12 грэка-каталіцкіх парафій.
Згодна з абноўленымі данымі Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб, парафія Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы ў Оршы знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Працэдура пачалася 1 ліпеня па рашэнні Віцебскага абласнога суда.
Пра ліквідацыю супольнасці неафіцыйна паведамлялася летам 2026 года, аднак тады дакументальных пацверджанняў не было. Да нядаўняга часу парафія значылася ў рэестры дзейнай. Уласнага храма ў грэка-католікаў у Оршы не было. Яны збіраліся ў мясцовым рымска-каталіцкім касцёле.
Згодна з абноўленымі данымі, цяпер у Беларусі дзейнічаюць 12 грэка-каталіцкіх парафій: 4 у Мінску, 2 у Віцебску і па адной у Гродне, Магілёве, Гомелі, Маладзечне, Полацку і Лідзе.
Раней быў пачаты працэс ліквідацыі ўсіх трох грэка-каталіцкіх супольнасцей Брэсцкай вобласці: у Брэсце, Баранавічах і Івацэвічах.
