Жыхар Астравецкага раёна страляў у міліцыю
Рэдакцыя Reform.news · 23 кастрычніка 2026, 07:53
https://reform.news/be/zhyhar-astraveckaga-rajona-stralja-u-milicyju/Жыхар Астравецкага раёна стрэліў у міліцыянераў, якія прыехалі забіраць у яго стрэльбу. Яны адкрылі агонь у адказ.
Як паведамілі ў прэс-службе МУС, міліцыя атрымала інфармацыю пра тое, што 65-гадовы жыхар вёскі Старая Рудня Астравецкага раёна захоўвае незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу і пагражае ёй суседзям.
На месца выехалі міліцыянеры з байцамі атрада спецназа “Цыклон” унутраных войскаў.
“Убачыўшы праваахоўнікаў, агрэсіўна настроены мужчына аказаў узброенае супраціўленне і зрабіў стрэл у супрацоўнікаў, ствараючы рэальную пагрозу жыццю і здароўю навакольных. Супрацьпраўныя дзеянні былі аператыўна спыненыя вайскоўцамі спецпадраздзялення: прымянялася зброя на паражэнне, зламыснік абясшкоджаны”, – гаворыцца ў паведамленні МУС.
Стан мужчыны не ўдакладняецца. У роліку МУС дэманструецца пласціна бронекамізэлькі, на якой міліцыянер паказвае на след ад кулі.
Таксама быў праведзены агляд дома мужчыны, падчас якога выяўлена самаробная зброя.


