Reform.news

Лукашэнка вырашыў аддаць землі ў Верхнядзвінскім раёне бізнесмену Вераб’ю

Рэдакцыя Reform.news · 15 кастрычніка 2026, 11:34

https://reform.news/be/lukashjenka-vyrashy-addac-zemli-verhnjadzvinskim-rajone-biznesmenu-verab-ju/

Аляксандр Лукашэнка сёння прыляцеў у Верхнядзвінскі раён. Ён вырашыў наведаць жывёлагадоўчае прадпрыемства “Красный Бор Агро”, уладальнікам якога з’яўляецца набліжаны да Лукашэнкі бізнесмен Мікалай Верабей.

Як вынікае з паведамлення прэс-службы Лукашэнкі, ён прыляцеў не з пустымі рукамі. Яшчэ да паездкі ён “уважліва вывучыў карту раёна і вызначыў тыя землі, якія можна прапанаваць эфектыўнаму прыватніку пад развіццё вытворчасці”. Паводле слоў Лукашэнкі, такі варыянт з’яўляецца крайнім, але ў гэтым выпадку ён апраўданы.

“Мікалай, калі ты хочаш падтрымкі, я вось дома адзначыў, што ты павінен узяць. Я табе гатовы гэта перадаць. Тут трэба кардынальна нешта зрабіць. Да гэтага комплексу патрэбныя кармы. Гэтыя землі, якія ёсць, яны павінны забяспечыць цябе кармамі. Прапануй да вясны мне план”, – сказаў ён Вераб’ю.

Лукашэнка таксама паабяцаў бізнесмену датацыі.

“Вялікіх грошай няма. Будзем датаваць вас, як усіх”, – сказаў ён.

Ён выказаў падтрымку і іншым бізнесам Вераб’я ў Верхнядзвінскім раёне.

“Лес і зямля – тваё, турыстычны напрамак – твой. Карміць людзей, якія прыедуць сюды адпачываць, – адсюль вазьмі, накармі людзей. Як ты гэта і робіш”, – сказаў Лукашэнка.

Падчас паездкі Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў прадставіць яму стратэгію ў дачыненні да паўночных раёнаў Віцебшчыны. Яна павінна быць гатовая да канца года.

“Што будзем тут рабіць? Браслаў, Міёры, Верхнядзвінск, Расоны. Поўнач Беларусі. Якая стратэгія?” – спытаў ён.

Рэклама

Пакінуць адказ