У Чылі працягваецца судовы працэс па справе «дачкі» БелАЗа
Рэдакцыя Reform.news · 14 кастрычніка 2026, 13:53
https://reform.news/be/u-chyli-pracjagvaecca-sudovy-pracjes-pa-sprave-dachki-belaza/У Чылі працягваецца судовы працэс па карупцыйнай справе, звязанай з чылійска-беларускім кансорцыумам Belaz Movitec SpA, у цэнтры якога — падазрэнні ў стварэнні сеткі ўплыву ўнутры судовай сістэмы Чылі. Былы партнёр экс-суддзі Вярхоўнага суда Чылі заявіў, што яна ведала пра выплаты ад адваката кансорцыума.
Гансала Мігелес, былы партнёр былой суддзі Вярхоўнага суда Чылі Анхелы Віванка, заявіў, што ў верасні 2023 года расказаў ёй пра дамоўленасць атрымліваць грошы ад адваката Эдуарда Лагаса ў выпадку спрыяльных судовых рашэнняў для беларускага горназдабыўнога кансорцыума Belaz-Movitec, паведамляе чылійскае выданне CIPER, спасылаючыся на новыя паказанні Мігелеса пракуратуры.
Паводле яго слоў, Лагас абяцаў дзяліцца з ім ганарарамі за дапамогу ў разглядзе справы кансорцыума ў Вярхоўным судзе. Мігелес сцвярджае, што паведаміў Віванка пра дамоўленасць пасля таго, як у верасні 2023 года абмяркоўваў з ёй пытанне аб выдатках на перамяшчэнне тэхнікі. Пры гэтым, паводле яго версіі, канкрэтныя сумы выплат ён ёй не называў.
Праз некалькі дзён пасля гэтага Віванка разам з іншымі членамі трэцяй палаты Вярхоўнага суда падтрымала патрабаванні Belaz-Movitec, якія абавязалі чылійскую дзяржаўную горназдабыўную кампанію Codelco выплаціць кансорцыуму кампенсацыю за перамяшчэнне тэхнікі. У публікацыі CIPER гаворыцца пра выплату 5,441 млрд чылійскіх песа па двух рашэннях суда; у прыватнасці, адно з іх прадугледжвала выплату каля 4,4 млрд песа.
У паказаннях, дадзеных 3 верасня, Мігелес таксама расказаў пра пяць выплат, якія, паводле яго слоў, атрымаў ад Лагаса ў сувязі са справай кансорцыума. Іх агульная сума склала 95 тысяч долараў. Першы плацёж у памеры 15 тысяч долараў наяўнымі ён, паводле свайго аповеду, атрымаў у ліпені 2023 года пасля спрыяльнага судовага рашэння. У чэрвені 2024 года яму перадалі яшчэ 45 тысяч долараў.
Мігелес сцвярджае, што грошы атрымліваў праз абменныя пункты і траціў пераважна на паўсядзённыя выдаткі, пагашэнне даўгоў і сумесныя з Віванка паездкі. Ён адмаўляе, што перадаваў грошы самой суддзі.
Новыя паказанні Мігелеса супярэчаць яго папярэднім. У красавіку 2026 года Мігелес сцвярджаў, што Віванка не ведала пра выплаты да прад’яўлення яму абвінавачанняў. Сама былая суддзя ў жніўні заяўляла пракуратуры, што не абмяркоўвала справу Belaz-Movitec ні з Мігелесам, ні з адвакатамі кансорцыума.
Паводле даных CIPER, Мігелес таксама апісаў іншыя эпізоды, у якіх, як ён сцвярджае, перадаваў Віванка пытанні Лагаса пра ход судовых разбіральніцтваў. У прыватнасці, гаворка ішла пра справу дэвелаперскай кампаніі Inmobiliaria Fundamenta, за дапамогу ў якой Мігелес, паводле яго слоў, атрымаў 13 млн чылійскіх песа.
Пракуратура прызнала супрацоўніцтва Мігелеса са следствам і ўлічыла яго паказанні ў расследаванні. 30 верасня ён выйшаў з-пад папярэдняга зняволення.
Віванка паведаміла CIPER, што не знаёмая са зместам новых паказанняў і таму не можа іх пракаментаваць.
***
Гісторыя адносін CBM і Codelco пачалася ўвесну 2021 года, калі CBM выйграў тэндар на будаўніцтва дарог і вываз грунту ў рамках праекта па здабычы медзі Rajo Inca. Codelco планавала інвеставаць 1,383 млрд долараў у падаўжэнне тэрмінаў эксплуатацыі аднаго са сваіх сямі горнарудных дывізіёнаў у чылійскім раёне Сальвадор.
У чэрвені 2021 года БелАЗ даў справаздачу аб заключэнні кантракта на пастаўку 18 машын у Чылі, але ўжо ў верасні таго ж года ў Клайпедскім порце літоўскай мытняй былі затрыманыя 18 марскіх кантэйнераў з чатырма машынакамплектамі для кар’ерных самазвалаў, паколькі БелАЗ быў уключаны ў чацвёрты пакет санкцый Еўрасаюза, уведзены пасля пасадкі самалёта Ryanair у Мінску.
1 лютага 2023 года кампанія Codelco прыняла радыкальнае рашэнне і скасавала кантракт з CBM, а затым даручыла Tepsac, Bailac, Komatsu і Detroit завяршыць работы.
Справа разглядалася ў судах, а таксама мела дыпламатычнае вымярэнне. У абарону беларускай кампаніі ўступілася МЗС Беларусі.