Палітвязню Восіпаву трэці раз збіраюцца падоўжыць тэрмін зняволення
Рэдакцыя Reform.news · 14 кастрычніка 2026, 12:25
https://reform.news/be/palitvjaznju-vosipavu-trjeci-raz-zbirajucca-pado-zhyc-tjermin-znjavolennja/У дачыненні да палітвязня Ціхана Восіпава, асуджанага на 11 гадоў пазбаўлення волі, распачата трэцяя крымінальная справа паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні патрабаванням калоніі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на экс-палітзняволеную Антаніну Канавалаву.
Паводле інфармацыі Канавалавай, новая крымінальная справа была распачата 9 кастрычніка.
Восіпава затрымалі падчас акцыі пратэсту 11 жніўня 2020 года каля станцыі метро «Пушкінская». Паводле абвінавачання, ён збіў на машыне пецярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Восіпаў атрымаў 11 гадоў калоніі.
У 2022 годзе супраць Восіпава распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб непадпарадкаванні (арт. 411 КК). Суд прысудзіў яму дадаткова 7 месяцаў пазбаўлення волі і замяніў рэжым з узмоцненага на строгі.
У сакавіку 2026 года Восіпаву дадалі яшчэ 1,5 года калоніі па другой справе аб непадпарадкаванні.
Цяпер Восіпаў утрымліваецца ў штрафным ізалятары ў калоніі №11 у Ваўкавыску. У зняволенні ў яго пачаліся праблемы са здароўем, у тым ліку з сэрцам і пазваночнікам.
