Беларуская мытня знайшла 38 кг гашышу ў грузавіку грамадзяніна Малдовы
Рэдакцыя Reform.news · 29 верасня 2026, 11:28
https://reform.news/be/belaruskaja-mytnja-znajshla-38-kg-gashyshu-gruzaviku-gramadzjanina-maldovy/У пункце пропуску «Каменны Лог» на мяжы з Літвой беларускія мытнікі выявілі буйную партыю гашышу.
38 кг рэчыва былі знойдзеныя ў схованцы, якая знаходзілася ў грузавіку пад кіраваннем грамадзяніна Малдовы.
Мужчына ехаў з Літвы на парожнім транспартным сродку.
«Агляд з прымяненнем інспекцыйна-дагляднага комплексу пацвердзіў меркаванні мытнікаў аб магчымым увозе ў гэтым аўтамабілі забароненых рэчываў. На атрыманай сканаграме была выяўленая спецыяльна абсталяваная ў канструкцыі транспартнага сродку ніша», — гаворыцца ў паведамленні ДМК.
Нішу ўскрылі падчас дагляду. З яе дасталі 22 скруткі з рэчывам цёмнага колеру. Экспертыза паказала, што гэта гашыш.
«Пры правядзенні далейшых праверачных мерапрыемстваў і неадкладных следчых дзеянняў устаноўлены арганізатар пастаўкі — 54-гадовы грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
У дачыненні да яго Гродзенскай рэгіянальнай мытняй распачата крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 328-1 КК Рэспублікі Беларусь», — паведамілі ў ДМК.
Далейшы лёс вадзіцеля ў паведамленні не раскрываецца.



