Шэйман далажыў Лукашэнку пра Афрыку і высокатэхналагічныя напрамкі
Рэдакцыя Reform.news · 21 верасня 2026, 13:21
https://reform.news/be/shjejman-dalazhy-lukashjenku-pra-afryku-i-vysokatjehnalagichnyja-napramki/Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў з дакладам свайго спецыяльнага пасланніка Віктара Шэймана.
Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, Шэйман далажыў “аб рэалізацыі шэрагу праектаў, звязаных з рэальным сектарам эканомікі і развіццём новых высокатэхналагічных напрамкаў”. Пра якія менавіта праекты ідзе гаворка, не ўдакладняецца. Лукашэнка падкрэсліў іх важнасць і актуальнасць.
Наступнай тэмай даклада стала супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі. Лукашэнка пацікавіўся, як ідзе праца на гэтым напрамку. Ён таксама пацвердзіў цікавасць да далейшага замацавання на кантыненце.
“Што за гэты час зрабіў для краіны? Ну і другое — Афрыка. Ты ў нас на далёкай дузе галоўны чалавек, таму якая абстаноўка там, і што нам трэба зрабіць, якая падтрымка, дапамога патрэбная?
Таму што да Афрыкі ў найбліжэйшы час мы яшчэ больш уважліва будзем прыглядацца. Ты ведаеш, што такое Афрыка для любой краіны, тым больш для нашых”, — прыводзіць прэс-служба цытату Лукашэнкі.
Папярэдні раз Шэйман быў у Лукашэнкі з дакладам у студзені 2025 года. Тады, паводле паведамлення прэс-службы, тэмамі даклада былі Афрыка і штучны інтэлект, гаворка ішла пра стварэнне ў краіне новых прадпрыемстваў, «якія працуюць у тым ліку ў галіне штучнага інтэлекту». Перад гэтым Лукашэнка згадваў ШІ на сустрэчы з міністрам інвестыцый ААЭ Махамедам Хасанам Аль-Сувейдзі.
У кастрычніку мінулага года Віктар Шэйман разам з бізнесменам Аляксандрам Зінгманам прысутнічаў на нарадзе ў Лукашэнкі, прысвечанай развіццю супрацоўніцтва з Афрыкай.



