Reform.news

Шматпакутны аграхолдынг «Купалаўскае» распусцяць

Рэдакцыя Reform.news · 7 ліпеня 2026, 13:57

https://reform.news/be/shmatpakutny-agraholdyng-kupala-skae-raspuscjac/

Аграхолдынг «Купалаўскае» спыніць сваё існаванне. Пра гэта па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка.

«Прэзідэнтам канцэптуальна падтрыманы нашы падыходы: гаспадаркі будуць існаваць, працаваць, развівацца ў тых межах, якія ёсць. Холдынга як такога не будзе. Будуць асобна ўзятыя, самастойныя гаспадаркі са сваім кіраўніком, штатам, тэрыторыяй, разліковым рахункам. Холдынг „Купалаўскі“ закрываецца, а гаспадаркі пераходзяць у камунальную ўласнасць», — сказаў ён, перадае БелТА.

У найбліжэйшы час самастойнымі суб’ектамі гаспадарання стануць «Новагарадзішчанскае», «Любінічы-Агра» і «Вялікія Славені».

У Ісачанкі таксама спыталі, навошта трэба было ўзбуйняць прадпрыемствы, каб цяпер праводзіць зваротны працэс.

«Адназначнага тлумачэння і адказу не можа быць апрыёры. Мы лічым, што на сённяшні дзень для іх больш эфектыўнага развіцця яны павінны быць самастойнымі», — сказаў ён.

«Менавіта работа ў холдынгу з Упраўленнем справамі прэзідэнта дала штуршок, эфект. Упраўленне справамі Прэзідэнта шмат чаго зрабіла, укладвала грошы, і ёсць станоўчы вынік. Магчыма, мы не дасягнулі таго, чаго хацелі, але галоўнае — мы бачым, што для далейшага развіцця трэба прыняць такое рашэнне», — дадаў ён.

Нагадаем, аграхолдынг «Купалаўскае» быў створаны ў чэрвені 2017 года на падставе ўказа №232 «Аб стварэнні гаспадарчага таварыства». У яго склад увайшлі аб’яднаныя акцыянерныя таварыствы Шклоўскага раёна: «Амкадор-Шклоў», «Вялікія Славені» і «Новагарадзішчанскае». Меркавалася, што холдынг стане пляцоўкай для адпрацоўкі сучасных тэхналогій. Ён адносіўся да сістэмы Упраўлення справамі Лукашэнкі.

Аднак у выніку прадпрыемства пастаянна пераследавалі праблемы. Менавіта ў адной з гаспадарак холдынга адбыўся знакаміты эпізод, калі Лукашэнка звярнуў увагу на «абасраную карову». Пасля гэтага былі знятыя з пасад міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц і віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

У 2020 годзе КДК адзначаў, што меры па развіцці «Купалаўскага» недастаткова эфектыўныя. Паказчыкі прадпрыемства зніжаюцца.

Прадпрыемства неаднаразова атрымлівала дзяржаўную падтрымку. Так, летась яму было выдзелена 3,5 млн рублёў на закупку тэхнікі.

Рэклама

Пакінуць адказ