Фота беларускага святара Георгія Роя размясцілі на стэндах «Іх шукае міліцыя»
Рэдакцыя Reform.news · 26 мая 2026, 22:34
https://reform.news/be/fota-belaruskaga-svjatara-georgija-roja-razmjascili-na-stjendah-ih-shukae-milicyja/Протаіерэй Георгій Рой, які служыць у беларускім праваслаўным прыходзе ў Вільні, паведаміў, што ўбачыў сябе на міліцэйскіх стэндах «Іх шукае міліцыя». У вышуковай картцы пазначаныя часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі пра «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
«Аказваецца, я цяпер па ўсёй Беларусі на стэндах “Іх шукае міліцыя”. Вось яна — слава! Святар-крымінальнік! Так, жыццё непрадказальная штука», — напісаў ён у Facebook.

Георгій Рой быў вымушаны з’ехаць ад пераследу ўладаў у Літву і ў 2023 годзе разам з іерэем Аляксандрам Кухтам звярнуўся да патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад свой амафор, паколькі «з меркаванняў сумлення яны не могуць працягваць знаходзіцца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату». У 2023 годзе яны былі прынятыя ва Усяленскі патрыярхат Канстанцінопаля.
