65-гадовага жыхара Гомельскай вобласці маглі асудзіць па новай справе «рэйкавых партызан» — праваабаронцы
Рэдакцыя Reform.news · 6 чэрвеня 2026, 12:15
https://reform.news/be/65-gadovaga-zhyhara-gomelskaj-voblasci-magli-asudzic-pa-novaj-sprave-rjejkavyh-partyzan-pravaabaroncy/Гомельскі абласны суд вынес прысуд 65-гадоваму Сяргею Стасенку з вёскі Лагуны Добрушскага раёна. Як паведамляе «Гомельская вясна», Стасенку інкрымінавалі 5 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку замах на акт тэрарызму, незаконныя дзеянні са зброяй і выбуховымі рэчывамі, наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін, дзяржаўную здраду і стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.
На думку праваабаронцаў, справа можа быць звязаная са спробамі перашкодзіць руху па чыгунцы з мэтай процідзеяння выкарыстанню беларускай тэрыторыі і інфраструктуры ў расійскім уварванні ва Украіну. Вёска Лагуны размешчаная паблізу чыгункі з Гомеля ў напрамку ўкраінскага горада Гарадня, а таксама недалёка ад адноўленага расійскімі вайскоўцамі аэрадрома ў Зябраўцы, які выкарыстоўваўся на пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
“Існуе вялікая верагоднасць, што Сяргей Стасенка рэпрэсаваны за спробы дапамагчы Украіне абараняцца ад расійскай агрэсіі шляхам стварэння перашкод руху на чыгунцы. Частка 2 артыкула 289 і частка 4 артыкула 295 прадугледжваюць адказнасць за дзеянні, здзейсненыя групай асоб”, — адзначаюць праваабаронцы.
Стасенка ў 1980 годзе скончыў Гомельскі чыгуначны тэхнікум, апошнім часам працаваў страхавым агентам «Белдзяржстраха» ў Гомельскім раёне, раней быў дырэктарам ЗАТ «Белаўтаматыкасэрвіс».
Дакладны тэрмін прысуду ўдакладняецца, аднак па сукупнасці артыкулаў прадугледжана пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі. Абставіны справы і прысуду высвятляюцца.
