52-гі месяц вайны: бітва супраць паліўнай лагістыкі РФ

Чэрвень 2026 года стаў месяцам, калі характар вайны працягнуў паступова змяняцца. Украіна ўзмацніла ўдары па тылах РФ да такога ўзроўню, што гэта прывяло да маштабнага дэфіцыту бензіну ў РФ і паўнавартаснага крызісу забеспячэння акупаванага Крыма.

Адначасова расійская армія захоўвала высокую актыўнасць на перадавой, аднак яе прасоўванне заставалася мінімальным і ўсё часцей дасягалася цаной значных страт.

Важнай падзеяй месяца, якая паказала магчымыя змены ў балансе супрацьлеглых сіл, стала тое, што Украіна змагла дамагчыся буйной знешнепалітычнай саступкі, прымусіўшы Аляксандра Лукашэнку адключыць выкарыстаныя Расіяй рэтранслятары для навядзення ўдарных беспілотнікаў на ўкраінскія гарады.

Раскажам пра найбольш важныя тэндэнцыі месяца, надаючы ўвагу не столькі штодзённым баям, колькі зменам у самім характары вайны.

Агульнае становішча на фронце

Нягледзячы на працяг жорсткіх баёў, чэрвень не прынёс прыкметных змен лініі фронту.

Найбольш актыўныя баявыя дзеянні працягваліся ў Данецкай вобласці — на напрамках Славянска і Канстанцінаўкі. Разам з тым большасць маскоўскіх атак зноў абмяжоўвалася невялікім прасоўваннем на асобных участках.

Паводле падлікаў украінскага картаграфічнага праекта DeepState, у чэрвені 2026 года акупанты занялі 84 кв. км украінскай тэрыторыі, аднак пры гэтым яны адзначаюць, што з-за рэжыму сакрэтнасці не паказваюць на сваіх картах паспяховае прасоўванне ўкраінскіх войскаў: «калі ўлічыць, колькі нашы вызвалілі за мінулы месяц, то другі месяц запар у ворага атрымаецца адмоўны паказчык, хоць розніца і невялікая».

Аператар наземнага рабатызаванага комплексу на перадавой. Фота: Генеральны штаб УСУ

Звычайна ў маі—чэрвені, калі заканчваецца бездарожжа і надвор’е паляпшаецца, прасоўванне маскоўскіх войскаў паскараецца, адзначае аналітычны праект Conflict Intelligence Team, але сёлета гэтага не адбылося.

Такім чынам, ужо чацвёрты месяц запар можна казаць пра фактычную стабілізацыю лініі фронту. Калі ў 2024–2025 гадах нават павольнае прасоўванне акупантаў было пастаянным, то цяпер фронт, як мінімум часова, канчаткова спыніўся.

Дэфіцыт бензіну ў «краіне-бензакалонцы»

У чэрвені ўкраінская кампанія ўдараў па ваенна-эканамічных аб’ектах краіны-агрэсара прывяла да паліўнага крызісу амаль па ўсёй Масковіі.

Адным з найбольш прыкметных эпізодаў месяца стала найбуйнейшая за доўгі час атака беспілотнікаў на Маскоўскі рэгіён. Украінскім дронам двойчы за месяц удалося пераадолець маскоўскі раён СПА — самы магутны ў РФ — і на доўгі час вывесці са строю Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод. Завод забяспечваў каля 40% патрэбы Масквы і Маскоўскай вобласці ў паліве.

Пажар на Маскоўскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Капотні. Фота: ТГ-канал Exilenova+

Акрамя таго, працягваліся ўкраінскія ўдары па іншых нафтаперапрацоўчых заводах амаль па ўсёй Масковіі, а таксама па нафтабазах і бензавозах у прыфрантавых рэгіёнах. Паводле ацэнак экспертаў, Украіна на гэты момант вывела са строю каля 25% варожых магутнасцяў па перапрацоўцы нафты.

У выніку Масква пачала купляць бензін не толькі ў Беларусі, але і ў Казахстане ды Індыі, паведаміла агенцтва Reuters.

Адначасова працягваліся сістэматычныя атакі па транспартных маршрутах, якія звязваюць акупаваны поўдзень Украіны з Крымам. У Крыме акупацыйная адміністрацыя ўвяла надзвычайнае становішча і цалкам забараніла свабодны продаж бензіну прыватным асобам.

Чарга аўтамабіляў на аўтазаправачнай станцыі пасля ўвядзення абмежаванняў на продаж бензіну з-за дэфіцыту паліва, Саки, Крым, 1 чэрвеня 2026 года. Фота: Аляксей Паўлішак / Reuters / Scanpix / LETA

«З палівам у Крыме паступова пачынаюцца цяжкасці, як і з электраэнергіяй і вадой… Але, на маю думку, большае значэнне мае ўзровень матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (МТЗ) абедзвюх расійскіх груповак войскаў (ГВ), якія дзейнічаюць у Паўднёвай аперацыйнай зоне, — ГВ “Дняпро” і ГВ “Усход”. Дэфрагментацыя іх сістэмы МТЗ на аператыўным узроўні (па сутнасці — пазбаўленне яе цэнтралізаванага характару забеспячэння), а таксама істотнае ўскладненне перавалкі і размеркавання сродкаў МТЗ паміж аператыўным і тактычным узроўнямі могуць стаць вырашальнымі фактарамі для ўсёй летняй кампаніі ва ўсёй Паўднёвай аперацыйнай зоне», — адзначыў ў гэтым месяцы ўкраінскі ваенны аналітык Канстанцін Машавец.

Больш магутнымі сталі ўдары па аб’ектах маскоўскага ваенна-прамысловага комплексу. Былі паражаныя некалькі важных заводаў, якія вырабляюць ракеты і пускавыя ўстаноўкі для ракет, выбуховыя рэчывы, сістэмы навядзення. У цэлым украінскія дроны і ракеты дасягалі мэт усё глыбей на тэрыторыі Масковіі.

Наступствы ўдару УСУ па заводзе «Тытан-Баррыкады» ў Валгаградзе. Фота: ТГ-канал Exilenova+

Такім чынам, калі ў папярэднія гады далёкія ўдары заставаліся хутчэй дадаткам да сухапутнай вайны, то летам 2026 года яны ператварыліся ў адзін з яе галоўных элементаў.

«За мінулы час праціўнік сістэмна нарошчваў свае магчымасці па нанясенні паветраных удараў па крытычнай інфраструктуры і прадпрыемствах абаронна-прамысловага комплексу на аператыўную, аператыўна-стратэгічную і стратэгічную глыбіню, паралельна гэтак жа сістэмна прарэджваючы элементы нашай СПА (РЛС і непасрэдна сродкі паражэння) на аператыўнай і аператыўна-стратэгічнай глыбіні.

Вынікі ўсёй гэтай мэтанакіраванай працы праціўніка ўжо вельмі адчувальныя і маюць устойлівую тэндэнцыю да далейшага пагаршэння ў цалкам агляднай перспектыве», — лічыць маскоўскі ўдзельнік вайны, інструктар «Філолаг у засадзе».

Украінскі ультыматум Лукашэнку

Нечаканай палітычнай падзеяй чэрвеня стаў публічны ультыматум, які прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выставіў Аляксандру Лукашэнку.

20 чэрвеня Зяленскі заявіў, што Расія выкарыстоўвае размешчаныя на тэрыторыі Беларусі рэтрансляцыйныя станцыі для навядзення ўдарных беспілотнікаў па Украіне. Ён запатрабаваў адключыць гэтае абсталяванне цягам тыдня, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку Украіна знішчыць яго самастойна.

Ужо праз некалькі дзён украінскае кіраўніцтва паведаміла, што рэтранслятары спынілі працу. Паводле слоў Зяленскага, украінская разведка і галоўнакамандуючы УСУ генерал Аляксандр Сырскі пацвердзілі спыненне іх функцыянавання, хоць невядома, ці былі станцыі дэмантаваныя, ці толькі часова адключаныя.

Наш ваенны эксперт Багдан Кухановіч вядзе «Дзённік вайны» з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!