Фото: Ben Mullins / Unsplash.com
238 школьнікаў атрымалі 100 балаў на рэпетыцыйным цэнтралізаваным экзамене, паведамілі ў Міністэрстве адукацыі Беларусі.
Да гэтага часу Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў апрацаваў 57 170 экзаменацыйных работ па 14 вучэбных прадметах. Ануляваных вынікаў з-за парушэнняў правілаў не зафіксавана.
Найбольш максімальных адзнак набралі ўдзельнікі па замежнай мове — 104 стобальныя вынікі. Па матэматыцы найвышэйшы бал атрымаў 51 чалавек, па рускай мове — 28.
Сярэдні вынік па прадметах склаў ад 55 да 60 балаў. У прыватнасці, па англійскай мове – гэта 62,3 бала, па біялогіі — 58,8, па фізіцы — 57,4, па хіміі — 57,3, па матэматыцы — 56,3.
Усе ўдзельнікі змогуць азнаёміцца са сваімі вынікамі ў асабістых кабінетах, дзе будуць даступныя адсканаваныя копіі запоўненых бланкаў адказаў. На сайце РІКВ размесцяць спасылкі на вучэбныя матэрыялы з разборам заданняў, што дазволіць правесці работу над памылкамі.
Як і ў мінулым годзе, будзе дзейнічаць сістэма электроннай чаргі для падачы дакументаў у ВНУ. Абітурыентам неабходна выбраць установу вышэйшай адукацыі, факультэт і спецыяльнасць, затым дату і час візіту ў прыёмную камісію і захаваць або раздрукаваць талон.
Таксама ў тэставым рэжыме плануецца запуск сэрвісу «Электронны сертыфікат». Пры гэтым у бягучым годзе папяровы сертыфікат застаецца абавязковым для падачы дакументаў ва ўніверсітэт.