16-гадовая беларуская шахматыстка пераехала ў Польшчу і дасягае поспехаў у польскіх чэмпіянатах

Беларуская шахматыстка Анастасія Обухава прыехала ў Польшчу разам з бацькамі ў 2022 годзе, а ў 2025 годзе заняла першае месца на чэмпіянаце Польшчы сярод дзяўчат да 20 гадоў.

«Мы прыехалі ў 2022 годзе, таму што сітуацыя ў краіне станавілася ўсё больш складанай і менш прадказальнай. Мае бацькі хацелі для нас лепшай будучыні і разумелі, што Польшча — гэта краіна, дзе я магу дасягнуць большага, гуляць у шахматы на больш высокім узроўні», — распавяла Анастасія парталу Onet.

Сям’я Анастасіі жыла ў Гродне. У 2022 годзе яны пераехалі ў Беласток. Анастасія пайшла ў восьмы клас мясцовай школы №45, дзе дзейнічае адзін з найлепшых шахматных клубаў у Польшчы — MUKS Stoczek. Кіраўнік клуба адзначае, што ўжо ў восьмым класе Анастасія пераўзыходзіла саперніц.

Дзед і бабуля Анастасіі па матчынай лініі былі палякамі, таму польскія дакументы ўдалося аформіць хутка. Пасля гэтага дзяўчына змагла выступаць за Польшчу. Спачатку яе рэйтынгі былі нізкія з-за адсутнасці вялікай колькасці турніраў у Беларусі, але пачалі хутка расці, часам на 145 пунктаў у месяц.

Дзяўчына адзначае, што ў Польшчы больш магчымасцяў і лепшая сістэма падрыхтоўкі ў шахматах. Цяпер яна не наведвае школу, а займаецца па індывідуальным плане, надаючы больш часу трэніроўкам.

На мінулым у сакавіку чэмпіянаце Польшчы сярод жанчын Обухава заняла апошняе, дзясятае месца, але згуляла ўнічыю з дзейнай чэмпіёнкай Клаўдыяй Кулён.

«Я хацела выціскаць 100% з кожнай партыі, але гуляю тут дзеля досведу. Я ўдзячная, што магу тут гуляць, але, напэўна, гэта адбылося занадта рана, таму што ў мяне яшчэ няма такога ўзроўню, каб паказаць сябе належным чынам», — адзначае Анастасія.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!