13-гадовы хлопчык патануў у вадаёме-копані пад Глыбокім

(Абноўлена) 13-гадовы хлопчык патануў у вадаёме-копані ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, паведамляе прэс-служба МНС. Трагедыя адбылася сёння ў вёсцы Лазічы.

Дзіця з вады дасталі ратавальнікі. Пасля рэанімацыйных мерапрыемстваў медыкі канстатавалі смерць падлетка. Прычыны і абставіны здарэння высвятляюцца.

Дапоўнена:

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, удзень 10 чэрвеня два хлопчыкі 13 і 12 гадоў гулялі ў двары дома. Падчас гульні мяч упаў у сажалку, выкапаную на дваровай тэрыторыі. Старэйшы паспрабаваў дастаць яго нагой, але сарваўся. 12-гадовы стаў дапамагаць, але таксама апынуўся ў вадзе.

Падчас падзення апошняму ўдалося ўчапіцца за корань дрэва, і ён стаў клікаць на дапамогу. На крыкі прыбеглі дарослыя, якія дапамаглі выбрацца 12-гадоваму, аднак выратаваць другога дзіцяці не ўдалося.

На месцы працуе следча-аператыўная група. Глыбіня сажалкі складае 1,5 метра.

Глыбоцкі раённы аддзел СК праводзіць праверку па дадзеным факце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!