Фото: t.me/CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан сустрэліся са спецыяльнай прадстаўніцай МЗС Эстоніі па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Кармен Лаус.
Бакі абмеркавалі прыцягненне прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе і Спецыяльным трыбунале па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, вынікі выбараў у Каардынацыйную раду, пытанні ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым, а таксама развіццё адносін беларускіх дэмакратычных сіл з Украінай.
Як паведамілі ў прэс-службе АПК, асобна разглядаліся пазіцыя ЕС у дачыненні да Беларусі і важнасць дамагацца ад рэжыму сістэмных, а не касметычных змен ва ўнутранай рэпрэсіўнай палітыцы з выкарыстаннем інструмента круглага стала. Абмяркоўваліся таксама падтрымка Эстоніяй Міжнароднага гуманітарнага фонду і перспектывы вызвалення палітвязняў.
Прадстаўніца МЗС Эстоніі заявіла, што пазіцыя краіны ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі застаецца нязменнай, паколькі рэжым не змяняе сваёй унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі. Латушка падзякаваў Кармен Лаус за паслядоўную пазіцыю Эстоніі ў падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.