12 грамадзян РФ затрымалі ў Польшчы за парушэнне мяжы. Пасля прысуду яны накіраваліся ў Беларусь

У Польшчы затрыманы 12 расіян, якія нелегальна перасякалі мяжу на аўтобусе, паведамляе польская Пагранслужба. Пасля вынясення прысуду ўсе яны пакінулі Польшчу і выехалі ў Беларусь.

Аўтобус, у якім ехалі 12 грамадзян Расіі, 31 сакавіка спынілі для праверкі пагранічнікі з Санока. Ніводзін з іх не меў дакументаў, якія даюць права на перасячэнне польска-славацкай мяжы або знаходжанне на тэрыторыі Польшчы. Як устанавілі пагранічнікі, замежнікі мелі дазвол на пражыванне ў Венгрыі і паводле закона павінны былі знаходзіцца менавіта там.

Усе яны прызналі факт незаконнага перасячэння мяжы і атрымалі па 6 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, а таксама забарону на ўезд у Шэнгенскую зону.

“Усе яны ўжо выехалі з Польшчы ў Беларусь”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Аўтобусам кіравалі двое грамадзян Украіны, якія арганізавалі перапраўку людзей. Суд прысудзіў іх да года пазбаўлення волі таксама з адтэрміноўкай на 2 гады.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!