100 студэнтаў пакінулі ЕГУ пасля прызнання яго «экстрэмісцкай арганізацыяй» у Беларусі

Пасля таго як у красавіку 2026 года беларускія ўлады прызналі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй», за месяц яго пакінулі 100 студэнтаў. Пра гэта распавёў рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

Паводле яго слоў, яшчэ каля 50 студэнтаў пакінулі ўніверсітэт пасля верасня мінулага года, калі ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» сайт і сацыяльныя сеткі ЕГУ. Зараз ва ўніверсітэце каля 1000 студэнтаў. Каля 70–75% з іх з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі.

«У нас было дзве сур’ёзныя падзеі — у верасні мінулага года [калі ўлады Беларусі прызналі “экстрэмісцкімі” сайт і сацыяльныя сеткі ЕГУ] і 14 красавіка гэтага года. Каля 50 студэнтаў пакінулі навучанне ў верасні мінулага года. Але тады ў нас склалася вельмі цікавая сітуацыя, таму што кожны дзень нейкія студэнты пакідалі навучанне і нехта вяртаўся з акадэмічнага адпачынку. Такім чынам, гэтыя дзве лічбы канкуравалі, і, здаецца, на 10 студэнтаў больш з’ехала, чым вярнулася вучыцца. Гэта таксама сведчыць пра тое, што некаторыя студэнты разглядаюць такі крок як апошні варыянт прыехаць у Літву, у Вільню, і пакінуць Беларусь», – распавёў Шадаўскас.

«А цяпер, з 14 красавіка па 14 мая, мы страцілі 100 студэнтаў. Нашы праграмы Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў, Дэпартамента сацыяльных навук, праграма “Інфарматыка” і школа бізнес-эканомікі BISEB у цэлым страцілі 100 навучэнцаў. Зараз мы глядзім на лічбы, але па-іншаму, таму што ёсць і натуральны адсеў, напрыклад, ад’езд па прычыне акадэмічных вынікаў. Мы ўспрымаем гэтыя змены за месяц як вельмі відавочны адток, звязаны з “экстрэмісцкім” статусам установы.

Такім чынам, мы пачалі навучальны год з 1600 студэнтамі. Гэта разам са спецыялізаванымі школамі пры ЕГУ. А на 1 сакавіка, калі пачаўся наш другі семестр, у нас было 1129 студэнтаў. Такім чынам, на дадзены момант ва ўніверсітэце каля 1000 студэнтаў. 100 сышлі праз яго “экстрэмісцкі” статус», – дадаў ён.

Рэктар папярэдзіў абітурыентаў з Беларусі, што паступленне ў ЕГУ для іх можа стаць «білетам у адзін канец», паколькі вярнуцца дадому пасля гэтага будзе небяспечна. Паводле яго даных, каля 10 студэнтаў падчас канікул падвяргаліся “гутаркам” з боку беларускіх сілавікоў. Універсітэт не выключае ўцечкі даных праз памежныя допыты, хаця ўцечкі з IT-сістэм, паводле слоў рэктара, не зафіксавана.

Для новых студэнтаў з Беларусі ЕГУ сумесна з літоўскім МЗС прапрацоўвае механізм гуманітарных віз. Універсітэт таксама гатовы даць месца ў інтэрнаце тым, хто вырашыць пераехаць у Вільню.

Нагадаем, Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дзеючы ў Вільні ЕГУ разам з яго структурнымі падраздзяленнямі «экстрэмісцкай арганізацыяй».

У Генпракуратуры лічаць, што ўніверсітэт рыхтуе беларускую моладзь «да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы, прасоўвання так званых дэмакратычных каштоўнасцей, «альтэрнатыўных» трактовак гістарычных, культурных і іншых падзей».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!