Драматычная камедыя «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі дабралася да Паўднёвай Карэі.
Азіяцкая прэм’ера фільма пра маладога музыканта Фёдара, апантанага пошукамі магічнага швэдара, адбылася ўчора на міжнародным кінафестывалі ў Чонджу. Стужку прадставілі публіцы беларускі музыка і выканаўца галоўнай ролі Вячаслаў Кміт, а таксама літоўскі прадзюсар Кястуціс Драздаўскас. На жаль, рэжысёр карціны на паказе не прысутнічаў.

Нагадаем, што еўрапейская прэм’ера поўнаметражнага дэбюта Юрыя Сямашкі прайшла ў лютым на Берлінскім кінафестывалі ў межах праграмы «Форум». Карціна на вядомым аглядзе атрымала прыз чытацкага журы нямецкай газеты «Tagesspiegel».
«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» на 26-м міжнародным кінафестывалі ў Чонджу, які спецыялізуецца на незалежным і эксперыментальным кіно, удзельнічае ў праграме міжнароднага конкурсу, то-бок прэтэндуе на адзін з галоўных прызоў. Карціну, пазначаную краінамі-вытворцамі Літва і Германія, можна яшчэ паглядзець у кінатэатрах Чонджу 4 і 5 траўня. Вынікі фестывалю мусяць быць вядомыя 9 траўня.


Нагадаем, што ігравая мікрабюджэтная стужка «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», якая нарадзілася праз падтрымку беларускай кінакампаніі на чале з прадзюсарам Леанідам Каліценем — Belarusian Filmmakers’ Network, літоўскай кампаніі Artbox і нямецкай Shoot’n’Post, распавядае пра маладога музыку Фёдара, апантанага пошукам швэдара, які дорыць натхненне. Напярэдадні новага года, у часы напружанай палітычнай абстаноўкі — чакання пачатку Трэцяй сусветнай вайны — Фёдар пачынае ўласную адысею, якая прывядзе яго ў цалкам невядомыя абшары.
У карціне здымаліся беларускія акторы і музыкі: Вячаслаў Кміт, Віялета Рагачова, Павел Гарадніцкі, Міхаіл Зуй, Наста Рысік, Аляксей Любчанка. Аператар стужкі — Сяргей Кавалёў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram