Андрэй Скурко атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі

Культура
Андрэй Скурко падчас уручэння прэміі імя Льва Сапегі. Фота: Беларуская рэдакцыя Польскага радыё

Журналіст, філолаг і перакладчык Андрэй Скурко стаў лаўрэатам прэміі імя Льва Сапегі.

Узнагароду ініцыяваў Калегіум Усходняй Еўропы ва Уроцлаве і Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. Яна фінансуецца групай польскіх універсітэтаў (Варшаўскі ўніверсітэт, Ягелонскі ўніверсітэт, Уроцлаўскі ўніверсітэт, Уроцлаўскі ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча і Беластоцкі ўніверсітэт). Згодна з правіламі прэміі, лаўрэат будзе паслядоўна гасцяваць у гэтых універсітэтах, чытаць лекцыі, прысвечаныя Беларусі, і праводзіць уласныя навуковыя даследаванні.

Прэмія імя Льва Сапегі накіраваная на прызнанне выбітных заслуг у фармаванні і развіцці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і пабудове незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, арыентаванай на Еўропу, якая ўлічвае таксама найлепшыя гістарычныя традыцыі Рэчы Паспалітай.

Дырэктар Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі паведаміў, што Андрэй Скурко атрымаў прэмію за свае заслугі ў незалежніцкім беларускім руху: «Мы маем справу з вядомым публіцыстам, перакладчыкам, чалавекам, які таксама робіць вялікі ўклад у папулярызацыю польскай літаратуры ў Беларусі, таму што ён быў выдаўцом Чапскай, перакладчыкам і выдаўцом Мельхіёра Ваньковіча. Гэтага б хапіла, каб даць яму прэмію. Але тут у яго цэлы букет дасягненняў, бо гэта і журналісцкая дзейнасць (Наша Ніва, ARCHE), і пераклады, і выдавецкая дзейнасць, і ўрэшце два гады турмы», — перадае словы Маліцкага Беларуская рэдакцыя Польскага радыё.

Нагадаем, што ў 2021 годзе журналіста, філолага і перакладчыка Андрэя Скурко асудзілі на 2,5 года калоніі. За кратамі ён напісаў некалькі кніг вершаў для дзяцей, якія сталі бестселерамі. Цяпер ён жыве за межамі Беларусі, а за апошні год падрыхтаваў да друку дзённікі Марыі Чапскай, Мельхіёра Ваньковіча і Міхала Сапоцькі ў перакладзе на беларускую мову.

Падчас урачыстасці ўручэння Прэміі імя Льва Сапегі Андрэй Скурко выступіў з кароткай лекцыяй «Беларусь і Польшча ў свеце пасля канца свету».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости