Андрэй Хадановіч зноў пачынае чытаць лекцыі пра беларускую літаратуру. Яны пройдуць у афлайн і анлайн фарматах
Reform.news · 1 мая 2025, 21:26
https://reform.news/andrjej-hadanovich-zno-pachynae-chytac-lekcyi-pra-belaruskuju-litaraturu-jany-projduc-u-oflajn-i-anlajn-farmace/Андрэй Хадановіч запускае серыю лекцыі пра літаратуру «Доўгая дарога дадому». Вядомы паэт, перакладчык і літаратуразнаўца прачытае шэсць лекцый пра найлепшых беларускіх аўтарак і аўтараў, чые кнігі ўжо выйшлі ў польскім перакладзе або з’явяцца неўзабаве.
Сустрэчы будуць ладзіцца ў афлайн-фармаце — ва ўроцлаўскім клубе Proza, але прадугледжаны і анлайн-трансляцыі.
Першая лекцыя з серыі «Я вас не баюся» — будзе прысвечана пісьменніку Васілю Быкаву. На ёй Андрэй Хадановіч распавядзе пра тое, як Васіль Быкаў стаў найвядомейшым беларускім аўтарам у свеце.
Ці лёгка выславіць ваенную «праўду»: беларускі экзістэнцыялізм па-быкаўску? Як пісьменнік змагаўся з цэнзурай, а цэнзура – з ім? Чаму «пасля цяжкай вайны непазбежны і цяжкі мір»? Як перамагчы страх разам з героямі Быкава? Літаратуразнаўца адкажа і на гэтыя пытанні.
Нагадаем, што адзін з найвядомейшых асветніцкіх медыяпраектаў паэта апошніх гадоў — ютуб-канал ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ, прысвечаны беларускай літаратуры, карыстаўся вялізнай папулярнасцю ў гледача. На жаль, фінансаванне важнай ініцыятывы, якая за час свайго існавання сабрала агулам больш за мільён праглядаў, было прыпынена. Але «вандроўны ўніверсітэт» Андрэя Хадановіча працягвае свой шлях і запрашае далучыцца да новага літаратурнага падарожжа.
Час і месца першай лекцыі з цыклу: 6 мая, 18.00, Уроцлаў, клуб Proza (Przejście Garncarskie, 2). Анлайн-трансляцыя «Я вас не баюся» ў серыі «Доўгая дарога дадому» тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
