30 красавіка ў пракат выходзіць ігравая стужка «Адно на дваіх» рэжысёра Івана Паўлава. Гэта гісторыя пра загінулых у маі 2021 года падчас трэніровачнага палёту лётчыкаў — маёра Андрэя Нічыпорчыка і лейтэнанта Мікіту Куканенку. Тады іх Як-130 упаў у жылым сектары Баранавічаў. Паводле афіцыйнай версіі, пілоты выявілі тэхнічную няспраўнасць і адводзілі самалёт ад населенага пункта.
Разбіраемся, што вядома пра гэты праект і чаму ён выглядае як спроба стварыць «кананічны» гераічны міф.
Драматургія без вострых пытанняў

Як прызнаўся рэжысёр Іван Паўлаў у інтэрв’ю радыё «Культура», праца над карціна была вельмі цяжкай.
У прапанаванай для экранізацыі кінематаграфісту гісторыі не было канфліктаў, супрацьстаяння, неабходных для драматургічнага твору. (Паўлаў з’яўляецца і аўтарам сцэнара фільма).
«Няма антаганіста, хто быў супраць. Канфлікту не было..», — кажа рэжысёр.
Але ў выніку размоў са сваякамі, сябрамі загінуўшых лётчыкаў драматургія паступова склалася. У сюжэт дадалі лініі кахання, выбару прафесіі і нават эпізод з юнацтва Мікіты Куканенкі (скачок з акна падчас вучобы ў Сувораўскай вучэльні).
Маштаб і тэхналогіі

Здымкі адбываліся ў Лідзе, Мінске, Магілёве, Бабруйске, Баранавічах. Але палёты лётчыкаў стваралася з дапамогай камп’ютарнай графікі.
«Самалёт ЯК-130 вучэбна-баявы, людзі павінны быць здаровыя і трэніраваныя», — тлумачыць выбар на карысць камп’ютарных тэхналогій кінематаграфіст.
У выніку для імітацыі палётаў у павільёне быў створаны адмысловы макет кабіны самалёта. Неба і манеўры дамалёўвалі з дапамогай штучнага інтэлекту.
Спроба асэнсаваць подзвіг ці няшчасны выпадак?

Іван Паўлаў прызнаецца, што ён толькі прыадкрывае тэму, чаму чалавек здзейсняе подзвіг.
«Часцей за ўсё чыйсьці подзвіг — гэта пэўная выпадковасць, Яго Вялікасць Выпадак, якія ставіць чалавекам перад тым, каб зрабіць [гераічны ўчынак], — кажа рэжысёр. — Але мы ў кіно робім, каб глядач суперажываў героям. І ёсць чаму супераважываць — трое дзяцей засталіся без бацькі (гаворка пра Андрэя Нічыпорчыка — Reform.news)».
«Гэта наша памяць, засталіся нашы героі ў нашых сэрцах, і думаючы пра іх, мы будзем глядзець у неба», — падсумоўвае Паўлаў.
Нагадаем, што пасля расследавання Следчага камітэта, прычынай трагедыі пад Баранавічамі была названа адмова сістэмы кіравання самалётам ЯК-130. Лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка атрымалі званне «Герой Беларусі» пасмяротна. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. У 2022 годзе ў Баранавічах быў адкрыты мемарыял у гонар загінуўшых пілотаў. Акурат да пяцгоддзя трагедыі, якая адбылася ў траўні 2021 года, прымеркаваны і выход новай стужкі кінастудыі «Беларусьфільм» .
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
